Альгерд Бахарэвіч: У топ найлепшых кніг беларусам варта дадаць слоўнік, пажадана этымалагічны
2024-11-27 15:15
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч упершыню зладзіў сустрэчу з чытачамі праз YouTube-стрым. Пытанняў было шмат, у тым ліку пра спіс найважнейшых кніг, пра тое, ці вартая існавання расейская літаратура ды пра творчасць у экзылі.
Запісалі найбольш цікавыя адказы на пытанні.
Топ кніг, беларускіх і не
Альгерда Бахарэвіча запыталі пра «пяць беларускіх кніг для прачытання і пяць кніг міжнародных аўтараў, вось каб у чалавека быў месяц на жыццё і толькі гэтыя дзесяць кніг быў час прачытаць».
Пісьменнік кажа, што такі кароткі спіс стварыць складана, бо «чытаць трэба вельмі шмат і трэба, каб у чалавека было не пяць кніг для прачытання, а як мінімум пяцьсот». Але паспрабаваў накідаць «кароткі асабісты спіс».
У топ-5 твораў сусветнай літаратуры ад Альгерда Бахарэвіча ўвайшлі:
1. Гамер «Адысея» і «Іліяда».
2. Джэймс Джойс «Уліс».
3. Нейкі з раманаў Уладзіміра Набокава, «Лаліта», «Дар» або нейкі іншы раман гэтага амерыкана-расейскага альбо расейска-амерыканскага пісьменніка.
4. Франц Кафка «Працэс» або нейкі іншы ягоны раман.
5. Вітальд Гамбровіч «Дзённік», які Альгерду Бахарэвічу здаецца «проста шэдэўрам дзённікавага жанру, ён проста настолькі поўны, настолькі дыхае творчай свабодай, індывідуальнай свабодай, настолькі шмат нам можа сказаць пра прыроду творчасці, пра творчасць у экзылі, пра чалавечае існаванне, пра прыгажосць, пра вечны канфлікт старога і маладога, гэта тоўстая кніга, яна належыць да тых кніг, якія можна чытаць усё жыццё».
Альгерд Бахарэвіч падчас сустрэчы з чытачамі ў Вільні, травень 2024 г. Фота Стаха Войтава
Топ беларускіх кніг
1 і 2. Кнігі Міхася Стральцова і Алеся Разанава
На думку Бахарэвіча, Міхась Стральцоў «незаслужана ў нас падзабыты. Алесь Разанаў — гэта такі паэт, які дакладна заслугоўвае найвышэйшай міжнароднай літаратурнай узнагароды».
3. Уладзімір Караткевіч
«Я не магу сказаць, што гэта нейкія шэдэўры літаратуры, але гэта той аўтар, які здольны любога беларуса неяк навярнуць у так званую беларушчыну, прышчапіць яму любоў і цікавасць да свайго».
4. Васіль Быкаў
«Любыя кнігі можна браць, усе яны маюць несумненную мастацкую вартасць».
5. Слоўнік беларускай мовы, пажадана этымалагічны
«Я перакананы, што калі б беларусы ведалі паходжанне слоў сваёй мовы, то, магчыма, яны б перасталі абагаўляць сваю мову, што зусім не абавязкова, і нарэшце пачалі б яе разумець. Разумець, адкуль яна, наколькі яна звязаная з іншымі мовамі, адкуль яе карані, як яна ўзаемадзейнічае з іншымі еўрапейскімі і індаеўрапейскімі мовамі. Карацей, кожнаму я раю займець дома этымалагічны слоўнік альбо на камп’ютары — вельмі дапамагае і добра лечыць ад усялякіх стэрэатыпаў або веры ў зусім не патрэбныя нам міфы».
Ці патрэбна беларусам расейская літаратура
Паводле Альгерда Бахарэвіча, беларусам расейская літаратура патрэбная ў той жа самай ступені, як і любая іншая літаратура.
«Літаратура ўвогуле людзям вельмі патрэбная. Я веру ў гэта і буду верыць заўсёды. Без літаратуры чалавецтва, напэўна, страціла б штосьці жыццёва важнае для свайго існавання.
І расейская літаратура — гэта такая самая літаратура, такая самая нацыянальная літаратура, як і ўсе астатнія, як і беларуская літаратура. Іншая рэч, што расейская літаратура не мусіць быць, безумоўна, асноўнай і галоўнай, і няма ў ёй нічога такога ўжо геніяльнага і выключнага. То-бок расейская літаратура ні ў якім разе не мусіць засланяць ад нас свет або быць для нас адзіным акном у гэты свет, або быць адзіным рупарам, адзіным каналам, па якім да нас трапляюць творы сусветнай літаратуры», — сказаў Альгерд Бахарэвіч.
На думку пісьменніка, калі «мы будзем нешта адмяняць, выкідаць, спрабаваць забыць, мы проста перастанем разумець некаторыя працэсы».
«Расейская літаратура, безумоўна, гэта імперская літаратура. Гэта літаратура вялікай імперыі, такой яна была, такой яна, на жаль, у шмат якіх праявах сваіх і застаецца. Але, мне здаецца, сёння асабліва важна, гэта заўсёды было важна, разумець, што такое, уласна кажучы, імперыя. Для мяне асабіста, як я гэта бачу, гэта ключ, гэта галоўны ключ да таго, што адбываецца сёння ў Еўропе, адбываецца ў свеце, адбываецца ў Беларусі і адбываецца ва Украіне.
Расея — гэта імперыя, расейская літаратура дапамагае нам зразумець, чаму гэта імперская ідэя жыве дагэтуль, чаму ў Расеі і ў свеце застаюцца мільёны яе прыхільнікаў, чаму імперыя забівае людзей, чаму імперыя працягвае сваю экспансію, так што расейскую літаратуру варта чытаць. (...)
Ці кожны расейскі аўтар ёсць імперскім аўтарам?
Гэта вельмі складанае пытанне. Калі ўзяць Уладзіміра Набокава, якога я ўжо ўзгадаў, то неяк была ў мяне ў фэйсбуку невялікая цікавая дыскусія з маёй украінскай добрай знаёмай, паэткай. Яна сказала, што яе здзівіла з’яўленне Уладзіміра Набокава ў маіх тэкстах. Я быў таксама здзіўлены, таму што гэта аўтар, хутчэй, амерыканскі, а не расейскі, па-другое, Набокаў пакінуў гэтую самую імперскую Расею ў 1919 годзе і ўсё сваё астатняе жыццё пражыў у выгнанні. Гэта той пісьменнік, якога менавіта Расея выгнала за свае межы», — лічыць Альгерд Бахарэвіч.
Увогуле ён перакананы, што «найвялікшыя пісьменнікі гэтага свету — гэта людзі практычна без нацыянальнасці, то-бок не мае такога значэння, які ў іх пашпарт, якое ў іх грамадзянства».
«Найлепшыя майстры літаратуры, якіх мы ведаем, належаць усім, тое, што яны напісалі — гэта сусветная літаратура. У сусветнай літаратуры ні пашпарту, ні нацыянальнасці няма. Яна ствараецца на розных мовах, у самых розных краінах, для таго, каб гэтыя творы прачыталі ўсе, у якіх бы краінах яны ні жылі», — зазначае Альгерд Бахарэвіч.
Экзыль як пастка для літаратара і літаратуры
«Літаратура ў экзылі, на маю думку, гэта, хутчэй, такая пастка. Калі мы будзем называць сябе літаратарамі ў экзылі, тады мы самі сябе проста змяшчаем у нейкую такую нішу, выхаду з якой практычна няма — можна там застацца на ўсё жыццё, — сказаў Альгерд Бахарэвіч. — Я лічу, што я жыву ў экзылі, гэта праўда. Але я не пішу з экзылі, я пішу для ўсіх, хто здольны чытаць кнігі, я пішу свае беларускія кнігі для ўсіх, хто здольны чытаць па-беларуску. І мне на дадзены момант, напэўна, важней зрабіцца нейкім чынам часткай нямецкай літаратуры, то-бок неяк зблізіцца з літаратарамі тут і заявіць пра сваю творчасць, пра свае кнігі тут, чым запіхваць сябе ў такія вузкія цесныя нішы і наклейваць на сябе зноў і зноў гэта цэтлік «літаратура ў выгнанні»».
Рыгор Сапежынскі, budzma.org