Алесь Крыжэвіч – гісторык, музеязнаўца, пяць з паловай гадоў адпрацаваў у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Цяпер займаецца праектам, звязаным з яго малой радзімаю - горадам Крычавам.
У 2021 годзе крычаўскі краязнаўцы распачалі праект «Крычаў скрозь прызму часу». Вынікам даследчыцкай працы стаў невялікі фотаальбом, у якім змясцілі архіўныя фотаздымкі горада Крычава.
– Я ўзяў у новым праекце не толькі фотаздымкі, але і дакументы, і засяродзіўся на перыядзе Другой сусветнай вайны, часе акупацыі Крычава. Запісаў уласнага дзеда, які падчас акупацыі быў 12-гадовым хлопчыкам і захаваў выразныя ўспаміны пра той час. Я хачу паказаць, рознабаковасць таго часу. Напрыклад, дзед навучаўся ад нямецкіх салдатаў граць на губным гармоніку, гэта даволі цікавая гісторыя, на мой погляд. Але ёсць гісторыі і тых, хто падчас акупацыі быў вымушаны з’ехаць. Ёсць гісторыя ўдзелу на фронце. Гэта быў цяжкі час. Таксама знайшоў у архівах цікавыя нямецкія фотаздымкі, яны фіксуюць аб’екты, якіх ужо няма. Напрыклад, мост праз Сож – некалі ён быў драўляны, у часы вайны ён згарэў і пасля і не быў адноўлены. Яшчэ знайшлі нямецкі здымак часоў акупацыі Крычава. На фота бачна, як нямецкія вайскоўцы разгружаюць бочкі з палівам у раёне чыгуначнага вакзала Крычава. І я знайшоў рэшткі той нямецкай бочкі на адным з падворкаў, яна да гэтага часу выкарыстоўваецца ў якасці ёмістасці для вады.
Цяпер спрабую дагрукацца да моладзі праз сацыяльныя сеткі. Можа быць, выйдзе невялікая кніга, але наколькі ўмовы і абставіны будуць дазваляць.
Алесь Крыжэвіч кажа, што людзі звычайна могуць шмат адметнага расказаць пра свой родны горад, а Крычаву і напраўду ёсць чым ганарыцца, хаця ён і не надта распіяраны:
- Горад уваходзіць у топ-25 самых старых гарадоў Беларусі. Ён заснаваны ў 12 стагоддзі, афіцыйна лічыцца годам заснавання 1136 год, разам з горадам Мсціслаў. Калі едуць турысты, то звычайна яны наведваюць Мсціслаў, бо там засталося шмат старой архітэктуры. І Крычаў абмінуты ўвагай, хаця ў ім ёсць два старых гарадзішчы. Калі рака Сож змяніла рэчышча, тагачасныя жыхары перанеслі гарадзішча на новае месца. І гэта ў межах аднаго горада. Перліна горада – палац Пацёмкіна, хаця слушна яго было б называць палац Пацёмкіна-Галынскіх, бо роду мясцовай шляхты Галынскіх палац належаў больш за сто гадоў, і яны шмат прыўнеслі ў архітэктурны воблік.
Таксама ў Крычаве ў сярэдзіне XVIII стагоддзя быў пабудаваны ў псеўдагатычным стылі Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і плябанія. Нажаль, цяпер захаваўся толькі будынак плябаніі, і тое моцна перабудаваны. Сам жа касцёл быў страчаны, верагодна ў 1937 годзе.
Напрыканцы 1990-ых – пачатку 2000-ых у Крычаве праводзілі раскопкі, падчас якіх знайшлі дакументы, што паказалі – першыя насельнікі горада былі прадстаўнікамі Днепра-Балцкай культуры, гэта жалезны век, яшчэ да новай эры. Таксама было высветлена, што значны час на тэрыторыі гарадзішча ніхто не жыў, а напрыканцы Х – пачатку ХІ стагоддзя засноўваецца протагорад на гэтым месцы, і з’яўляюцца згадкі ў летапісах. Таксама гісторык звяртае ўвагу на тое, што гарадзішча ў пэўны перыяд выкарыстоўвалася ў якасці паганскага капішча.
«Гісторык Андрэй Мяцелькі кажа, што гарадзішча Гарадзец у Х – ХІ стагоддзі магло мець сакральнае значэнне. Дадатковыя раскопкі маглі б дапамагчы знайсці ўнікальныя матэрыялы, але няма раскопак – няма і матэрыялаў», – заўважае Алесь Крыжэвіч.
Гісторык цяпер працуе з уласнымі дакументамі, таксама звяртаецца да Нацыянальнага лічбавага архіву Польшчы.
«Краязнаўства – важны кірунак. На вялікі жаль, у нас краязнаўства слаба развіта. Краязнаўства ўплывае на лакальны патрыятызм, а з яго вырастае і любоў не толькі да малой Радзімы, але і ўсёй Беларусі. Да таго ж гісторыкі, этнографы, археолаг не могуць ахапіць усё, такія матэрыялы заўсёды могуць спатрэбіцца. Я публікую дакументы, звесткі, якія раней не былі вядомыя, або не аналізаваліся раней глыбока. Гісторыя і краязнаўства вельмі павязаныя, гісторыкі часта займаюцца і краязнаўствам сваёй малой радзімы, чаму не?» – гаворыць суразмоўца.
Алесь Крыжэвіч падкрэслівае, шмат што ў гісторыі Крычава варта было б даследаваць больш дэтальна. Напрыклад, у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Крычаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Магілёўскай губерні. Статус паселішча панізілі да мястэчка. Крычаў быў пазбаўлены Магдэбурскага права, гараджане судзіліся больш за 15 гадоў, але нічога не дамагліся. У 1776 Кацярына II падаравала Крычаўскае староства графу Рыгору Пацёмкіну. Пры ім Крычаў стаў цэнтрам мануфактурнай прамысловасці, і гэта паўсюль падаецца як надзвычай пазітыўны факт.
«Таксама ў той перыяд на Херсоншчыну вывозілі ва ўладанні Пацёмкіна мясцовых работнікаў. Гэта плюс ці мінус? Для мясцовай эканомікі, лакальнага жыцця гэта хутчэй мінус», – кажа гісторык.
Ён звяртае ўвагу на адно з найбольшых паўстанняў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Размова пра Крычаўскае паўстанне 1743–1744 гадоў – буйное антыфеадальнае выступленне сялян Крычаўскага староства князёў Радзівілаў супраць узмацнення феадальнага прыгонніцкага прыгнёту і жорсткай эксплуатацыяй сялян. Паўстанне ўзначалілі мясцовыя сяляне Васіль Вашчыла і яго паплечнікі. І пра гэты факт мала што вядома. Таму працы для даследчыкаў хапае.
вх