Алесь Аркуш. Капітан самотнага карабля
2025-05-28 21:11
Алесю Аркушу спаўняецца 65 гадоў. Калі б не зазірнуў у Вікіпедыю, не паверыў бы. Сапраўды! Народжаны ў Жодзіне ў 1960 годзе. Мне здаецца, як мы пазнаёміліся напрыканцы 1990-х гадоў, ён зусім не змяняецца. Ні знешне, ні тэмпераментам. А колькі за гэты час зроблена! Я толькі назаву некалькі словаў, за якімі цугам паўстаюць дзясяткі імёнаў, гісторый і справаў. «ТВЛ», «Калосьсе», «Ксэракс Беларускі», «Гліняны Вялес».
Зміцер Бартосік запісаў для «Будзьма беларусамі!» успаміны
Алеся Аркуша пра дзяцінства ў Манголіі і ў Жодзіне, сяброўства з Анатолем Сысом і шлях ад рускамоўных вершаў да беларускасці і ўласна нараджэння Аркуша.
Дзяцінства ў Манголіі
Я сябе памятаю ад узросту, калі мне было, напэўна, гады паўтара. Справа ў тым, што мае бацькі працавалі на жодзінскай цеплаэлектрастанцыі, і іх перыядычна накіроўвалі ў розныя краіны. Дапамагаць нашым сябрам па сацыялізме. Майго бацьку накіравалі ў Манголію. У месца Тосонцэнгэл, дзе ён мусіў вучыць мангольскіх энергетыкаў. І мы ехалі цягніком. Спачатку да Масквы, потым да Улан-Батара. Потым самалётам. І я памятаю гэты цягнік!
З намі ў купэ ехала балярына, якую накіравалі ўздымаць мангольскі балет. І я ёй усю дарогу чытаў «Мыйдадзіра». Яна казала: «Які таленавіты хлопчык! Аддайце яго мне. Я з яго зраблю саліста балета!». Памятаю жах маёй маці. «Не, не! Мы едзем у Тосонцэнгэл! У нас свая праграма!».
Мы з’ехалі з Манголіі, калі мне было пяць. І я выдатна памятаю сябе ад двух да пяці. Памятаю дом, дзе мы жылі. Памятаю лагчыну паміж гор. Памятаю лясы на гарах. Там было шмат савецкіх спецыялістаў. Таму і дзяцей савецкіх было багата. І аднойчы я вырашыў весці іх у вандроўку. Мы сышлі на ўвесь дзень. Дарослыя шукалі нас па ўсёй Манголіі. А там быў нейкі закінуты будысцкі манастыр у гарах. Вось туды мы і скіраваліся. Знізу здавалася, што манастыр блізка, але ж туды ісці было гадзіны чатыры. Сярод кампаніі былі хлопцы, старэйшыя за мяне. Але ўсё звалілі на мяне. Што я ўсіх звёў.
Памятаю, як мы з бацькам хадзілі на рыбалку. Бацька там такіх агромністых тайменяў лавіў! Там была горная рака, хуткаплынная. Ідэр. Мы пайшлі ўдвох і налавілі з паўсотні харыўсаў.
Бацька Алеся Аркуша. Фота з асабістага архіва Алеся Аркуша
Манголы запомніліся як вельмі прыязныя людзі. Ідзем з бацькам рыбу лавіць, і калі праходзячы каля якой юрты, сустрэнеш мангола — тут жа табе і кумыса налье, і накорміць, і любыя пажаданні.
Там, у Манголіі, была адна прыгода, якая вельмі моцна на мяне паўплывала. Праз тую раку будавалі мост. Ужо амаль скончылі будаваць. І вось мы з маці і малодшым братам, ён нарадзіўся ў Манголіі, пайшлі паглядзець на будоўлю. Маці з братам на руках і я. І я, такі быў вісус, пабег наперад. На мост. А там былі незабітыя дошкі да канца, і я праваліўся ўніз. Я, калі ўспамінаў тую гісторыю, у мяне ўсё сціскалася. Пада мной былі камяні, ледзяная вада, хуткая плынь. Я нейкім цудам рукамі ўхапіўся за бэльку. І павіс над ракой.
З братам Віктарам. Манголія, 1978. Фота з асабістага архіва Алеся Аркуша
Для мяне гэта гісторыя вельмі важная. Са мной здарыўся цуд, які выратаваў мне жыццё. Мая маці, калі ўбачыла, як я праваліўся, згубіла прытомнасць. Людзі закрычалі навокал. А той мангол, які дошкі прыбіваў, узяў мяне спакойна за рукі і выцягнуў.
Некалькі гадоў таму я знайшоў гэты мост над Ідэрам у Інтэрнэце. Ён не такі высокі, якім здаваўся мне ў дзяцінстве. Да вады — мэтры тры. Але ж гэта шалёны паток ледзяной вады. Не ведаю, ці вылавілі б мяне. На працягу дзяцінства мне часта сніўся той кашмар. Я да гэтага часу не магу ўявіць — як трохгадовы хлопчык змог зачапіцца рукамі за бэльку і павіснуць.
Бясплатны санаторый
Фактычна Жодзіна пачынался з пасёлка ГРЭС. Дзе мы жылі ў камуналцы па вяртанні з Манголіі. Бо напачатку ніякага горада не было. Былі вёскі, сярод якіх пачыналася будаўніцтва завода дарожных машын. Які пасля ператварыўся ў БелАЗ. Гэта быў абсалютна аўтаномны пасёлак са сваімі спецыялізаванымі крамамі, дзіцячымі садкамі, школай, Палацам культуры. І са сваёй кнігарняй! Для мяне яна была культавым месцам. Можа, яна мяне і зрабіла пісьменнікам. Бо як толькі ў мяне з’яўляліся нейкія капейкі, я бег у тую кнігарню нешта выбіраць.
А яшчэ памятаю, такая латарэя была, бяспройгрышная, за дзесяць капеек. Ты цягнеш білецік з барабана, і табе нейкую кніжачку даюць. Пераважна гэта была беларускамоўныя кніжкі ледзь не з 60-х гадоў, якія не куплялі. Мае бацькі беларускіх кніг не куплялі, і ўсе мае беларускамоўныя кніжкі з 60-х — 70-х былі з таго барабана.
І там, у Жодзіне, мне было шэсць гадоў, я таксама сабраў усіх знаёмых хлопцаў і наладзіў вандроўку. Таксама зніклі на цэлы дзень, позна ўвечары вярнуліся. Нас ужо з паходнямі шукалі. Атрымаў па поўнай. Папругай па задніцы. Пазней, куды мы завандравалі, стала маім любімым месцам. Тваністае возера, дзе мы як палескія рабінзоны цэлае лета прападалі. Быў у нас там схаваны човен, мы да яго па твані зрабілі праход і накрывалі яго галінамі. З берага не бачна. А потым там пачалі здабываць сапрапелі. І выявілася, што твань, у якой мы сядзелі і выпэцкаваліся па вушы — гэта проста медыцынскі рай. Гэтыя сапрапелі пачалі паўсюль прадаваць, для гразевых ван санаторскіх. Мы былі, аказваецца, у бясплатным санаторыі. Возера Судабле.
Стараста ў партызанскай зоне
Дзед Алеся Аркуша. Фота з асабістага архіва Алеся Аркуша
Мая маці паходзіла з засценка Арлова. Зямля належала майму дзеду, які працаваў у Канадзе. Паехаў, зарабіў, вярнуўся, купіў зямлю на беразе возера Вялікага. Гэта другое маё любімае возера.
Майго дзеда навокал усе паважалі. Бо за акіянам працаваў! Да таго ж быў разумны і справядлівы. Пачалася калектывізацыя. На яго перыядычна наязджалі. А ён не паддаваўся. У калгас не пайшоў, уладкаваўся ў леспрамхоз. У 1941 годзе яму было сказана — альбо едзеш у Сібір, альбо пераязджаеш у цэнтральную сядзібу, у вёску Бабін Лес. Ён ужо хату быў разабраўшы, а тут пачынаецца вайна. Ён хату зноў сабраў там, дзе яна і была. Яна і па сённяшні дзень там стаіць.
Прыходзяць немцы. І людзі выбіраюць дзеда старастам. Бо паважалі. І калгасаў не любіў. А трэба ж было «раскалхозіваць», дзяліць зямлю па новай. Трэба быў чалавек, якому б людзі давяралі. А потым паўстала партызанская зона. Мой дзед жыў фактычна ў партызанскай зоне! Старастам! Захар Андрэевіч Пятровіч.
Там дзейнічала славутая брыгада «Смерць фашызму». У той брыгадзе быў знакаміты баец Іван Шагойка, які падрабляў дакументы. Па тых дакументах яны ездзілі ў Смалявічы да немцаў атрымліваць харчы! І мой дзед быў у іх сувязным. І да канца вайны ў яго была карова! У партызанскай зоне! У старасты! У сваіх ваколіцах я не чуў ніводнай згадкі, каб партызаны кагосьці рабавалі. Яны елі тушаніну і галеты нямецкія. Я ведаю, што з суседняй партызанскай брыгады «Разгром» неяк прыйшлі два байцы майго дзеда пакараць за стараства. Дык бабы іх перанялі ды пастрашылі чапяламі. Тыя і пайшлі назад у свой «Разгром».
Але ў 1944 годзе, перад самым вызваленнем, яго вылавілі паліцаі і моцна збілі. Бо такога не можа быць. Каб у партызанскай зоне з каровай жыў чалавек, як быццам нічога ніякага. Я падазраю, што мая бабуля яго выкупіла за канадскае золата. Але ён неўзабаве памёр ад тых пабояў. Пасля пастарунку ён увесь час ляжаў на печы. Відаць, адбілі ўсё, што толькі можна.
Мая бабуля засталася адна з дзецьмі. Па вайне пачаўся страшэнны голад. І нехта даў бабулі адпаведную паперу, з якой яна паехала ў Менск. Атрымала баулы адзення, харчоў. Тым і выратаваліся. Я ў дзяцінстве, чуючы гэтую гісторыю, не здзіўляўся. Бо дзед жа быў сувязны! А пазней да мяне дайшло, што ніхто б былому старасту ніякую даведку б не выпісаў. Гэта мог зрабіць толькі Іван Шагойка.
Ён па вайне перайшоў на нелегальнае становішча і проста дапамагаў людзям. Яго пакінулі як каштоўнага кадра ў Беларусі. На фронт не пагналі. Але ён пабачыў, ува што ператвараецца гэтая новая ўлада. Рабуюць людзей, самі дзень і ноч п’юць, гвалтуюць жанчын. І ён пачаў людзям дапамагаць. Ён быў такі майстар, што чырвонцы маляваў і раздаваў. Напрыклад, настаўніца выкладала падчас акупацыі ў школе. Гэта ГУЛАГ! А ён ёй піша даведку, што маўляў «гераіня-партызанка, забіла дзесяць фрыцаў, пусціла пад адхон эшалон з танкамі». І ўсё з подпісамі і пячаткай. Прыязджаюць з МГБ. «А якія ў вас пытанні, таварышы, да жанчыны-гераіні? У школе выкладала? Дык гэта было прыкрыццё маё». Пра Івана Шагойку я напісаў раман «Спадчына».
Нараджэнне Аркуша
Алесь Аркуш, пачатак 80-х. Фота з асабістага архіва Алеся Аркуша
Амаль усё, што я чытаў у дзяцінстве па-беларуску, мне здавалася такім савецка-кандовым і нецікавым. І таму не дзіўна, што першыя вершы я пачынаў пісаць па-расейску.
Тагачасныя вершаваныя спробы я друкаваў у шматтыражках Беларускага аўтамабільнага завода і Інстытута народнай гаспадаркі, дзе вучыўся. Але неяк я пачуў пра паэта Алеся Разанава. Пайшоў у Цэнтральную кнігарню купіць зборнік. Там працавала паэтка, сёння незаслужана забытая, Святлана Каробкіна. Яна мяне здзівіла сваім адказам. «Тыя кнігі вельмі хутка разлятаюцца. Таму, прабачце, Разанава зараз няма. А Вы што, пішаце вершы? То я Вам параю схадзіць у аб’яднанне „Чырвоная змена“. Можа, там вам хто дапаможа знайсці кнігу Разанава».
І я пайшоў у «Чырвоную змену», і там я пазнаёміўся з усімі. З Адамам Глобусам, Славамірам Адамовічам, Людкай Сільновай, з іншымі. І неяк імгненна пераключыўся на беларускую мову. І, каб не блытацца з сабой ранейшым, вырашыў узяць псеўданім. Не хацелася быць ні Хваёвым, ні Сталёвым, ні Танкам. Начну с чистого листа. Аркуш! І пакуль я скончыў «наргас», я ўжо сябраваў з Анатолем Сысом. Менавіта ён паспрыяў, каб мой першы зборнік вершаў «Вяртанне» выйшаў у «Бібліятэчцы часопіса „Маладосць“» у 1988 годзе, гэта значыць, у тым самым годзе, што і першы зборнік Сыса «Агмень». Памятаю, як толькі пазнаёміліся, ён прадэманстраваў у кафэ «Батлейка» сваю беларускамоўную разняволенасць. Гучна замовіў «філіжанку кавы без цукру!». Маўляў, бачыш, усё разумеюць. Ліставаўся з Уладзімірам Арловым. Быў знаёмы з Сержуком Сокалавым-Воюшам. Я пры размеркаванні адмыслова выбраў Наваполацк. Не паспеў прыехаць, званю Сокалаву. «Ты дзе?» — «У Наваполацку». — «Бягом да мяне!».
Самы літаратурны горад Беларусі
Алесь Аркуш з Алесем Кузміныс (лідар рок-гурта «Мясцовы Час). Фота з асабістага архіва Алеся Аркуша
Неяк у 1999 годзе ў гасцінічным рэстаране Наваполацка я замаўляў нешта маладому афіцыянту. Па-беларуску замаўляў, вядома. І пачуўшы маю мову, афіцыянт задаў пытанне. «А ці ведаеце Вы вершы Леры Сом?». «І ня толькі Леры Сом ведаю, — з гонарам адказаў я. — Але і пра Сокалава-Воюша не забываюся». Дык вось. Ні ў якім іншым горадзе я такую сцэну ўявіць не магу. Ні ў абласным якім цэнтры (можа, хіба толькі ў Гародні ўспомнілі б Шалкевіча), ні ў раённым. Пра Менск гаварыць няма чаго. Бо тут усяго хапае. Полацкая агламерацыя — гэта нейкі фенамен, які яшчэ да канца намі не асэнсаваны. І адной з самых яскравых частак гэтага фенамена ёсьць Алесь Аркуш.
У Наваполацку і ў Полацку было больш прафесійных пісьменнікаў, чым у любым абласным горадзе.
Уладзімір Арлоў,
Сяржук Сокалаў-Воюш,
Вінцэсь Мудроў,
Іна Снарская,
Якуб Лапатка,
Ірына Жарнасек,
Лера Сом,
Герман Кірылаў,
Міхась Барэйша... Гэты шэраг можна доўга працягваць. Чаму я і паехаў туды. Для мяне гэта была нейкая беларуская літаратурная Мекка!
Алесь Аркуш, Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі і Вінцэсь Мудроў. Фота з асабістага архіва Алеся Аркуша
Я прыехаў у 1987 годзе. І гэты год, пакуль усе яшчэ не раз’ехаліся, быў для мяне вельмі класным. Я мяркую, што зусім няправільна лічыць, што ў гісторыі найноўшай беларускай літаратуры ў Беларусі былі тры асноўныя літаратурныя суполкі — «Тутэйшыя», ТВЛ і «Бум-Бам-Літ».
Я лічу, што полацкая суполка «Крыніцы», якая кіравалася Арловым, была адной з самых важных суполак для тагачаснага літаратурнага працэсу Беларусі.
Яна была значна раней за «Тутэйшыя». Я маю на ўвазе той перыяд, калі яе ўзначаліў Арлоў. Гэтае літаб’яднанне працавала як грамадская арганізацыя. Яна ўдзельнічала ў археалагічных раскопках, яна актыўна брала ўдзел у стварэнні беларускамоўных школьных класаў. Хадзілі па школах, размаўлялі з бацькамі, агітавалі. Гэтая суполка ўдзельнічала ў выбарах! З дапамогай той каманды на парламенцкіх выбарах перамог Лявон Баршчэўскі. Карацей, тут і грамадская дзейнасць, і палітычная дзейнасць, і літаратурная дзейнасць. Пра гэта можна напісаць кніжку асобную. Я не ведаю, чаму Арлоў яшчэ не напісаў пра гэта.
Капітан самотнага карабля
У той час мне пашэнціла пару разоў з’ездзіць на нарады маладых пісьменнікаў у Доме творчасці «Іслач». І там я пазнаёміўся з некалькімі людзьмі, з якімі пазней нарадзілася ідэя стварыць сваю суполку. Бо мяне вкурвіла сітуацыя з «Тутэйшымі». Я думаў, што «Тутэйшыя» будуць самастойнай арганізацыяй. Я хадзіў туды, калі яна была падпольная. Збіраліся ў інтэрнацкім пакоі ў Алеся Бяляцкага. Я памятаю, мне прыходзіла паперка, дзе было напісана «Сёння сустрэча. Пакідайце пашпарт на Капліча». І я пакідаў свой пашпарт на вахце, быццам я да Капліча іду. Пазней мне Пятро Васючэнка расказаў, што гэта прафесар, які вывучаў нейкую жамяру. Неяк ён прачытаў мае ўспаміны, як я да Капліча хадзіў. Вельмі, кажуць, абураўся: «Як? Да мяне хадзілі паэты? А я ні сном ні духам?».
Памятаю нашы сустрэчы. Памятаю, як да нас упершыню прыйшоў
Ігар Бабкоў. Чытаў свае вершы. Вердыкт Сыса быў — «ды херня нейкая!». А
Бяляцкі стаў на абарону паэта. «Ты што!? Гэта ж мадэрновая паэзія! Метафізіка!». А той стаяў на сваім — «херня нейкая!». Такія ў нас былі глыбокія і тонкія літаратурныя дыспуты.
Ніл Гілевіч, калі даведаўся, што мы назваліся «Тутэйшымі», падняў нас на смех. «Вы што, здурнелі? Вы хоць самі разумееце, як назваліся? Вы хоць самі п’есу Купалы чыталі? Пачытайце, як і кім вы назваліся». І мы наладзілі чытку п’есы «Тутэйшыя». Прачыталі, і Бяляцкі сказаў: «Ну, так. Мы тутэйшыя. Калі ў нас будзе нармальная краіна, тады мы і будзем беларусамі. А пакуль мы — тутэйшыя».
Потым я з’ехаў, у 1987 годзе. І чую, што яны ўжо збіраюцца ў Доме літаратара. Што яны ператвараюцца ў маладзёжную секцыю пра Саюзе пісьменнікаў. І што ўсе лідары сталі чальцамі СП. Яны з радасцю прыручыліся. І калі мне сёння расказваюць, што нехта піша дысертацыі па «Тутэйшых», я шчыра здзіўляюся.
Там жа корпусу тэкстаў практычна няма. Выйшла два альманахі «Літаратура» і зборнічак невялікі. Іншая справа грамадска-палітычная дзейнасць. Згадаць хаця б Дзяды, або мітынгі ў Верхнім горадзе. Ну але гэта не пра літаратуру. Балазе выдавецкі і прадпрымальніцкі прыклад Алеся Усені паказвае, што можна было ў той час вельмі добра самастойна папрацаваць і нават зарабіць грошы. Пачытайце ўспаміны Усені, у якіх ён апісвае, як выносіў грошы з банка ў скрынях і грузіў у багажнік аўтамабіля. Дарэчы, я пра гэта сказаў і на юбілейнай вечарыне ў Палацы мастацтваў. Пра нявыкарыстаную магчымасць.
На адной з нарад у «Іслачы» я жыў у пакоі з
Ігарам Сідаруком. Кажу яму — трэба ствараць асобную пісьменніцкую арганізацыю. Той пагадзіўся. А пасля напісаў мне ліст, у якім прапанаваў чалавека, «аднаго мальца, які дакладна падтрымае тваю ідэю». І даў мне адрас
Юрася Гуменюка. Я зліставаўся з Гуменюком. І той проста сходу загарэўся гэтай ідэяй: «Так! Усё! Будзем рабіць!». «А хочаш, — кажу, — мы тваю кніжку выдадзім?».
Я прыношу кніжку Гуменюку ў тыпаграфію. Яны пачыталі і афігелі. «А што гэта? Вершы? А пра што?». І мне дырэктарка Наваполацкай друкарні кажа: «А дайце нам хоць якую паперку, каб прыкрыцца. Калі што якое». Я тэлефаную Леаніду Дранько-Майсюку, які ў той час працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», дасылаю яму рукапіс. І той напісаў мне такую паперку! Усім паперкам паперку! Што гэта геніяльны паэт! Што мы яго будзем у «Мастацкай літаратуры» друкаваць. І праблем болей не было ні з кім. Дзякуючы Дранько-Майсюку болей ад нас ніякіх правак не патрабавалі.
Юры Гумянюк адбыўся як паэт выключна ў фармаце ТВЛ. Усе арыгінальныя кніжкі выйшлі ў нас. Мы дамагліся таго, што арганізацыя дзейнічала аўтаномна. Са сваім часопісам, са сваім альманахам, са сваёй літаратурнай прэміяй, са сваёй выдавецкай суполкай. І мы ўсё гэта стварылі. Часопіс «Калосьсе», выдавецтва «Полацкае ляда», прэмія «Гліняны Вялес».
Мы зрабілі першую вялікую публікацыю
Альгерда Бахарэвіча. Мы далі яму прэмію за першую кніжку ягоную «Практычны дапаможнік па руйнаванні гарадоў». Першы штуршок далі, каб ягоныя амбіцыі абудзіць. Друкавалі скандальны раман Чаропкі «Поўны керкешоз». Мы былі абсалютна вольнай пляцоўкай. І гэта была арганізацыя зарэгістраваная. Але пры Лукашэнку пачалася перарэгістрацыя, якую мы не прайшлі. Людзі паступова пачалі адвальвацца. Напэўна, я людзям кепска патлумачыў. «Я вам даў пляцоўку, на якой вы набудзеце вечнасць. Усё, што вы створыце ў фармаце ТВЛ, усё ўвойдзе ў будучыя энцыклапедыі. Так, вам не плоцяць ганарараў, але ж трэба разумець, што на коне стаіць!». Але людзям трэба былі ганарары. І спачатку менскія адваліліся. Мінскевіч, Туровіч. Перайшлі ў «Першацвет». Затым яны «Бум-Бам-Літ» стварылі.
У нашым статуце было напісана, што мы маем права быць сябрамі толькі адной арганізацыі. І калі ўсё ляснулася, я кажу — глядзіце самі. Мудроў уступіў, Гумянюк уступіў, усе практычна ўступілі ў Саюз пісьменнікаў. І Барыс Пятровіч мне неяк сказаў, што пара і мне ў СП. «Не, — кажу. — Я застаюся на сваім караблі. Хай ён тоне разам з капітанам. Я нікуды не сыду...»
Размаўляў Зміцер Бартосік, Budzma. org