- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Учора да поўначы Сьвятлана Алексіевіч мела ляцець з Бэрліну ва Ўроцлаў на імпрэзу з удзелам іншай нобэлеўскай ляўрэаткі, польскай пісьменьніцы Вольгі Такарчук. На лётнішчы яе затрымалі з прычыны таго, што пры ёй, маўляў, была бомба. Пра гэта паведамляе ў Фэйсбуку Фундацыя Вольгі Такарчук.
Пісьменьніцу адпусьцілі, калі самалёт быў адляцеў. Бомбу не знайшлі. Арганізатары ўроцлаўскай імпрэзы «Пратэст Алексіевіч і Такарчук» паслалі ноччу ў Бэрлін аўтамабіль, якім беларуская ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі даехала да Ўроцлава.
Па дарозе яна дала кароткае інтэрвію супрацоўніцы Фонду Вольгі Такарчук і Ўроцлаўскага Дому літаратуры, перакладчыцы Яне Карпенцы.
— Што здарылася на лётнішчы ў Бэрліне?
— Гісторыя ў стылі Лукашэнкі. На лётнішчы ў Бэрліне, калі я ўжо здала асноўны багаж, падчас кантролю бясьпекі мае рэчы, якія я паклала на канвэер і чакала, прайшоўшы рамку, былі раптам узятыя, затрыманыя і правераныя яшчэ раз. Я падумала, што так часам бывае. Можа, я забылася выняць парфуму або нейкую іншую драбязу. Чакаю даволі доўга, бо там затрымлівалі даволі шмат людзей і правяралі багаж. Нейкія надта асьцярожныя былі нашы правяральнікі. Нарэшце супрацоўнік лётнішча зноў бярэ маю торбу, падазрона глядзіць на яе і зноў правярае нейкім інструмэнтам. А паказвае паказвае мне, што адкрые. Я кажу: калі ласка. Я хацела яму дапамагчы, але ён сам адкрыў. І калі адкрыў, раптам рэзка адкінуў тую торбу...
— Вы паверылі, што гэта была яго сапраўдная рэакцыя?
— Так. І мне было сапраўды цікава, чаму ён так адрэагаваў. Мне сказалі, што трэба пачакаць. Я падумала, што гэта вельмі дзіўная сытуацыя. Я ня ведаў, што адбываецца. Чакаю і чакаю... Нарэшце кажу, што я ўжо ня толькі не дайду, але нават не пасьпею дабегчы да свайго самалёта. Ніякай рэакцыі. Праз доўгі час падыходзіць нейкая пані, таксама са службы лётнішча, і становіцца побач са мной. Я пытаюся: што здарылася? А яна адказвае, што мы чакаем паліцыю. Мяне гэта зьдзівіла — чаму менавіта паліцыю?
Стаім далей, бо той паліцыянт вельмі доўга да нас ішоў, уласна гэта была паліцыянтка, маладая жанчына, немка. Мы чакалі яе больш за паўгадзіны. Яна была ветлівая. Я падумала, што яна хоча яшчэ раз праверыць мае рэчы. Але яна нават не дазволіла наблізіцца да іх. Таму я зноў пытаюся, у чым тут справа? Паліцыянтка паказвае на маю торбу і кажа, што там бомба! Я кажу, што яны, напэўна, звар’яцелі.
Потым прыходзіць наступны чалавек зь нейкім інструмэнтам і зноў правярае. Паліцыянтка кажа аднаму з інспэктараў высыпаць усё, што ў маёй торбе, у кантэйнэр. Ён гэта робіць, яна зазірае туды і бачыць — сярод іншага — прэс-карту, якую я мела пры сабе. Нейкі час размаўляюць... І яна дае знак, што тут усё ў парадку. А потым у мяне ўзялі іншую сумачку, дзе мой пляншэт, нейкія кнігі, нататнік, які я ўзяла з сабой. Яны ўсё гэта праверылі, бомбы не было, і кажуць, што я ўжо магу ісьці. Яны не папрасілі прабачэньня, не пракамэнтавалі. На гэты момант да адлёту заставалася 5 хвілін. У мяне не было шанцаў пасьпець.
— Ніхто сапраўды не зацікавіўся гэтай сытуацыяй, ніхто нічога не сказаў?
— Ужо было позна, супрацоўнікаў амаль не было, лётнішча было амаль пустое. Я нават ня ведала, куды ісьці. Я хацела атрымаць інфармацыю, спытацца, ці магу я ляцець нейкім наступным рэйсам, але я нікога не знайшла. Ніякага інфармацыйнага пункту. Я патэлефанавала агентцы і яшчэ маёй сяброўцы, якая прыехала па мяне.
А потым была яшчэ адна гісторыя з асноўным багажом, які я зарэгістравала і які мы шукалі зь сяброўкай. І зноў — усё зачынена, нікога няма... Нарэшце нам удалося знайсьці пункт прыёму. Мы падыходзім туды, і да нас выходзіць жанчына — як выявілася, расейка з Чалябінску, якая мяне пазнала. Яна паабяцала напісаць скаргу на гэтую сытуацыю.
Незалежна ад прычын, зь якіх мяне затрымалі ў гісторыі з бомбай у сумачцы, гэта магла быць зарадная прылада ... А з другога боку — сёньня ўсе возяць зарадныя прылады. У любым выпадку, я атрымала свой багаж, і яго зноў праверылі. І толькі тая жанчына, якая выдавала, папрасіла прабачэньня. Апрача яе больш ніхто.
— Як вы ацэньваеце гэтую сытуацыю?
— Гэтыя людзі адчуваюць неабмежаваную ўладу і ўсьведамляюць, што не панясуць за гэта ніякай адказнасьці. Тым ня менш я ніколі яшчэ зь нечым такім не сутыкалася.
— Як вы сябе адчуваеце цяпер, пасьля начной паездкі на машыне, ужо ва Ўроцлаве?
— Крыху стомленая, але гэта нічога. Я бачу вельмі прыгожы горад, і ён мне падабаецца.
Радыё Свабода накіравала ў аэрапорт Бэрліну запыт з просьбай пракамэнтаваць сытуацыю вакол Сьвятланы Алексіевіч і дзеяньні службы бясьпекі. Адказ будзе апублікаваны, як толькі мы яго атрымаем.