Новы выпуск на канале CHADANOVIČ прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Нобелеўскай лаўрэаткі і адной з найгеніяльнейшых паэтак не толькі польскай, але і сусветнай літаратуры другой паловы ХХ — пачатку ХХІ ст. Віславы Шымборскай.
У новым выпуску:
чым цікавая гісторыя Віславы Шымборскай беларусам тут і цяпер;
які верш паэткі любіць Вудзі Ален і якія былі паміж імі адносіны;
хто і як перакладаў вершы Віславы Шымборскай на беларускую мову;
чаму толькі трэцюю кнігу вершаў літаратарка палічыла сваім сапраўдным паэтычным дэбютам;
што агульнага ў творчасці Уладзіміра Караткевіча і Віславы Шымборскай;
хто быў улюбёным французскім літаратарам аўтаркі;
у чым праявіўся мастацкі талент Шымборскай;
якую ролю выконвае гумар у творчасці паэткі.
Бонус.
Андрэй Хадановіч чытае вершы Віславы Шымборскай у беларускіх перакладах.
Некалькі думак з відэа:
На чытачоў Шымборскай шчодра абрынаецца лавіна вобразаў навакольнага свету. Якія б трагічныя сітуацыі, якія б балючыя тэмы ні развівала ў вершах Віслава Шымборска, дамінанта — прыняцце гэтага свету з усімі яго складанасцямі, падзяка за сваю сумнеўную закінутасць і прысутнасць у гэтым дзіўнаватым свеце.
Сённяшні беларускі чытач не абміне ўвагай верш Шымборскай «Катаванні», дзе гаворка пра тое, што нічога са старажытных часоў не змянілася. З аднаго боку, цела чалавека настолькі ж безабароннае: усё, што мы маем у сваёй матэрыяльнай абалонцы падлягае катаванням, і майстры гэтай справы ведаюць яе да тонкасцяў. А з іншага боку, непадмацаваны чымсьці маральным і духоўным прагрэс прыводзіць да ўсё новых і новых здзекаў чалавека з чалавека. А тут яшчэ і новая інфармацыйная сітуацыя, калі ўсё мы нібыта бачым у рэальным часе, усё нібыта адбываецца ў нас за сценкай альбо на маніторы нашага камп’ютара, на нашым гаджэце ў рэжыме рэальнага часу.
Ёсць у Шымборскай верш «Фатаздымак 11 верасня», дзе гаворка пра затрыманы фотакадрам рух людзей, якія выкідваюцца ад выбуху і агню на вышыні дзясяткаў і дзясяткаў паверхаў над зямлёй. У людзей няма шанцу, але ўсё, што можа зрабіць паэтка, гэта не адводзіць вачэй, апісаць іх і не дадаць апошняй думкі. Так і пакінуць у нью-ёркскім паветры. Мне згадваецца Уладзімір Караткевіч, які так і не змог давесці гісторыю ўлюбёных герояў да іх трагічнай і непазбежнай гібелі.