Агнешка Рамашэўская-Гузы: Лукашэнка хацеў бы бачыць Саюз палякаў цалкам разбітым
2021-06-30 16:23
Пагоршыўся стан здароўя Анжалікі Борыс у зняволенні. Да таго ж абвастрыліся ранейшыя праблемы, а ўмовы ўтрымання ў Жодзіне не спрыяюць добраму самапачуццю.
Такую інфармацыю мае дырэктарка тэлеканала “Белсат” Агнешка Рамашэўская-Гузы, якая прыватна сябруе з Анжалікай Борыс:
– Паводле маёй інфармацыі, Анжаліка Борыс у канчатковым выніку пагадзілася выехаць з увагі акурат на стан здароўя. Спачатку яна адмовілася ад такой прапановы, але потым пачувалася настолькі дрэнна, што пастанавіла, што калі ўжо будзе такі шанец, то павінна ім скарыстацца. Але, як бачым, шанец аказаўся чыста ілюзорны і фікцыйны.
Раней на мяжу з Польшчай былі вывезеныя тры дзяячкі Саюза палякаў у Беларусі без права вяртання на радзіму. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Борыс і Пачобут раней ад такіх прапаноў адмовіліся.
“Аляксандр Лукашэнка хоча пазбавіцца Саюзу палякаў у Беларусі і яго лідараў, у якіх бачыць праблему для сябе”, – працягвае Агнешка Рамашэўская-Гузы:
– Я думаю, што гэта робіцца дзеля “пазбаўлення ад праблемы”. Саюз палякаў у Беларусі, асноўнымі спружынамі якога ёсць гэтыя асобы, з’яўляецца адной з найвялікшых, а можа і найвялікшай грамадскай арганізацыяй у Беларусі. Думаю, што Аляксандр Лукашэнка хацеў бы бачыць Саюз палякаў цалкам разбітым. Дзеля гэтага ён гатовы адмовіцца ад помсты, адмовіцца ад катаванняў гэтых палякаў, толькі каб не мець іх у сябе.
На думку дырэктаркі “Белсату”, польскі ўрад на сёння мае мала рычагоў уплыву на сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку сітуацыі з прадстаўнікамі меншасці. Але рэжым Лукашэнкі насамрэч церпіць ад санкцый, а таму не патрабуе больш ніякіх ахвяр.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя