Адваката палітвязняў Бабарыкі, Ціханоўскага і Дзядка адхілілі ад працы
2021-10-14 12:12
Пазбаўленне адвакатаў ліцэнзій – рэпрэсіўны механізм, якім беларускія ўлады карыстаюцца не першы год.
Адваката Наталлю Мацкевіч адхілілі ад працы, супраць яе ў Мінюсце Беларусі распачалі дысцыплінарную вытворчасць. Наталля Мацкевіч абараняе палітвязняў Віктара Бабарыку, Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Дзядка. Наталля Мацкевіч працуе ў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Цяпер ідзе судовы працэс у Гомелі над Ціханоўскім, Мікалай Дзядок знаходзіцца ў СІЗА пад следствам.
Аляксандр Дзядок, бацька Мікалая Дзядка, гаворыць, што сітуацыя складаная для яго сына, бо той другі раз застаецца без абароны і, па сутнасці, сувязі з роднымі. Родныя будуць цяпер шукаць новага адваката, які возьмецца за справу.
– Мы атрымалі ад адваката Мацкевіч афіцыйнае паведамленне, бо яна абаронца сына па справе. Яна нам паведаміла, што ў адносінах да яе ўзбуджана дысцыплінарная вытворчасць, яна адхіленая ад працы і далей у працэсе не зможа ўдзельнічаць. Самае кепскае, што дасудовае разбіральніцтва не скончана. Прызначаная экспертыза, але заключэння эксперта няма. І дэ-факта ў сярэдзіне дасудовага разбіральніцтва сын застаўся без абароны. Парушана яго права на абарону, – гаворыць бацька Мікалая Аляксандр Дзядок, былы суддзя.
Па словах бацькі, Мікалай Дзядок пакутуе на галаўныя болі, якія, як ён мяркуе, ёсць вынікам збіцця сілавікамі падчас затрымання.
Па просьбе Мікалая ў сувязі з галаўнымі болямі, якія ў яго не спыняюцца, родныя прасілі прызначыць МРТ. Загадчык медыцынскай часткі СІЗА абяцаў зрабіць гэта да канца месяца.
Аляксандр Дзядок гаворыць, што асабіста не сутыкаўся з адмовамі адвакатаў абараняць яго сына. Аднак ведае, што такое здараецца.
Мікалай Дзядок – блогер, які піша і здымае відэа на грамадска-палітычныя тэмы, публіцыст, актывіст анархістскага руху. Быў затрыманы позна ўвечары 11 лістапада 2020 года супрацоўнікамі ГУБАЗіК і МУС. Падчас затрымання Мікалая моцна збілі, у вочы яму распылялі пярцовы газ. Гвалтам прымусілі зняцца ў на камеру для пакаяннага роліку МУС.
Мікалаю Дзядку прад’яўленыя абвінавачванні па тром артыкулам Крымінальнага кодэкса:
арт. 342 Крымінальнага кодэксу – Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
арт. 361 Крымінальнага кодэксу – Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь
арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса – Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў
Пазбаўленне адвакатаў ліцэнзій – рэпрэсіўны механізм, якім беларускія ўлады карыстаюцца не першы год. Напрыклад, у 2011 годзе шэраг адвакатаў, якія абаранялі палітычных вязняў, былі пазбаўленыя прафесійных ліцэнзій. Сярод іх – Павел Сапелка, Алег Агееў, Тамара Сідарэнка, Таццяна Агеева.
Алег Агееў быў пазбаўлены ліцэнзіі адваката за каментар сайту навін euroradio.by, у якім, сярод іншага, сцвярджалася, што яго кліенту і былому кандыдату ў прэзідэнты Алесю Міхалевічу не дазвалялі атрымліваць перадачы ад сям'і і бачыцца з адвакатам у першыя тры дні яго зняволення ў СІЗА КДБ.
Агееў падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН з нагоды пазбаўлення яго ліцэнзіі ў 2011 годзе. І Камітэт прыйшоў да высновы, што «пазбаўленне аўтара [звароту] ліцэнзіі адваката і тое, як гэта было зроблена, сведчаць аб сурʼёзным і неапраўданым умяшанні ўладаў дзяржавы-ўдзельніцы ў асноватворны прынцып незалежнасці адвакатуры».
– Калі мяне пазбавілі ліцэнзіі, спачатку я абскарджваў гэта рашэнне на нацыянальным узроўні, а ў 2016-ым годзе звярнуўся ў Камітэт па правам чалавека ААН. Цяпер, у 2021 годзе, было вынесена рашэнне па маёй скарзе. Гэта абавязак уладаў Беларусі – выконваць рашэнні Камітэта ААН, і ён не мае тэрміну дзеяння. Сённяшнія ўлады Беларусі, заўтрашнія мусяць выканаць рашэнні КПЧ ААН. Так будуецца міжнароднае права, гэта абавязак дзяржавы. Сённяшнія ўлады не здольныя выконваць свае абавязкі ў галіне міжнароднага права, і гэта вялікая праблема для беларускага грамадства, што кіраўнікі розных дзяржаўных устаноў ігнаруюць прававыя нормы. Але так будзе не заўсёды. Зменіцца ўлада, і рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН, а такіх ужо сотні, павінны будуць быць выкананы, і ўсе, хто пацярпеў, мусяць быць адноўленыя ў сваіх правах, — расказвае юрыст Алег Агееў.
Пасля падзей 2020 года шэраг адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў палітычна-матываваных спраў, выказваліся ў медыя, былі пазбаўленыя адвакацкіх ліцэнзій. Напрыклад, 9 ліпеня 2021 года адвакацкага статусу пазбавілі Дзмітрыя Лаеўскага за прававую пазіцыю ў спрэчках па рэзананснай палітычна матываванай крымінальнай справе ў гісторыі незалежнай Беларусі. Падчас судовых спрэчак у Вярхоўным судзе 22-23 чэрвеня 2021 года Дзмітрый Лаеўскі прывёў аргументы аб неправамерным характары пераследу не толькі Віктара Бабарыкі, але і іншых абвінавачаных супрацоўнікаў «Белгазпрамбанка», на паказаннях якіх выключна і будавалася абвінавачванне Камітэта дзяржбяспекі і Генпракуратуры, а пасля – і прысуд Вярхоўнага суда.
«Помста тым адвакатам, чыё меркаванне не падабаецца ўладам. Мы бачым, што галасы людзей глушацца, глушацца і галасы адвакатаў. Канешне, гэта пазбаўляе эфектыўнай абароны палітычных зняволеных. Бо гэта лепшыя адвакаты Беларусі. Адвакаты, якія не толькі сядзяць і маўчаць на працэсах, выбудоўваюць лінію абароны з улікам міжнароднага права, а не толькі нацыянальнага рэпрэсіўнага заканадаўства», – гаворыць юрыст Алег Агееў.
Сярод тых, хто страціў ліцэнзіі цягам апошняга года – адвакат Марыі Калеснікавай Людміла Казак, адвакат, які спецыялізаваўся на праве ў медыясферы Сяргей Зікрацкі, адвакаты Аляксандр Пыльчанка, Яўген Маслаў, Юлія Леванчук ды іншыя. Многія з названых асобаў пасля страты адвакацкіх ліцэнзій перайшлі ў сферу праваабароны.
ВХ