- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
2020 год стаў асаблівым. Сусветная пандэмія каронавіруса COVID 19 і грамадска-палітычны крызіс у нашай краіне вельмі моцна паўплывалі і працягваюць уплываць на розныя аспекты нашага жыцця. Адукацыя дарослых не засталася ў баку. Шэраг тэндэнцый праявіліся яшчэ дагэтуль, але менавіта падзеі мінулага года сталі своеасаблівым каталізатарам значных працэсаў для ўсёй сферы. У матэрыялах гэтага нумара разглядаюцца розныя аспекты сітуацыі і прыклады дзеянняў на актуальныя выклікі, як у нашай краіне, так і ў іншых. Са свайго боку хацелася б звярнуць увагу на некаторыя прынцыповыя тэндэнцыі і магчымыя шляхі для развіцця сферы нефармальнай адукацыі дарослых у нашай краіне на дадзены момант. Па-першае, у грамадстве растуць адукацыйныя патрэбы і попыт на навучанне. Патрэбы людзей знаходзяцца як у кантэксце прафесійных інтарэсаў і рынку працы, так і ў іншых сферах («зялёнае» спажыванне, «лічбавы» ўдзел, фінансавая пісьменнасць, беражлівыя адносіны да стану здароўя, эфектыўная камунікацыя і г. д.). Узрастае таксама попыт на грамадска-палітычныя і гістарычныя тэмы, а таксама тэмы сацыяльна-псіхалагічнага характару. Але не заўсёды гэтыя патрэбы людзі добра разумеюць і пераводзяць у запыт на канкрэтнае навучанне.