«Адкуль бяруцца кнігі»? Ганна Севярынец запрашае ў агарод свайго пісьменства
2023-04-27 15:15
У тэкстах Ганны Севярынец дакладнасць даследчыцы спалучаецца з энергетыкай літаратурнасці ды выкладчыцкай здольнасцю казаць пра няпростае выразна ды ўцямна. Як працуе гэты мікс, ці можна яму навучыцца? Ці варта разменьваць жыцце на словы і як быць калі не пішацца? Пра ўсё гэта ў новым падкасце «Літрадыё» «Адкуль бяруцца кнігі».Для
Ганны Севярынец пісьменніцтва пачалося з даследчыцкай цікаўнасці. Пошукі ў архівах. Паездкі па мясцінах расстраляных паэтаў. І стосы дакументаў — фотаздымкі, лісты, даведкі, дзённікі — паступова ажылі, замільгацелі дэталямі. Склаліся ў трохмерную карціну менскага літаратурнага жыцця 20–30-х гадоў.
Раманы «Дзень Святога Патрыка» і «Гасцініца Бельгія» нарадзіліся з сапраўднага кахання да блізкіх па духу беларускіх аўтараў. У сённяшнім выданні падкасту Ганна распавядзе, як без шкадавання крэсліць няўдалыя старонкі, чым у літаратуры ёй дапамагае агарод і чаму пісьменніцтва — гэта сэксуальны занятак.