- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Мой літаратурны гуру патрабуе, каб я напісала, нарэшце, пра Баку. Рука цягнецца напісаць шмат банальнасцяў: горад сонца, горад вятроў ці горад кантрастаў. Апошняе гучыць па-савецку смяхотна і адначасова злавесна. Насамрэч, Баку гэта горад нафтавых качалак. Яны, як велізарныя маскіты, варушацца на даляглядзе. Яны, як той беларускі лес, стаяць паўсюль: абапал шашы, пасярод мора і нават на пляжы. Смокчуць з-пад зямлі «чорнае золата». Гэтае самае «золата» і дае гораду той неабходны шык паўднёвага разняволення, калі па шырокіх дарогах паміж будынкаў кантынентальнай архітэктуры гойсаюць шыкоўныя аўто. Імклівыя японскія «лексусы» абганяюць BMW, а насустрач ляцяць не меней імклівыя «паршэ». Прыгажуні, падобныя да ружовых, жоўтых і блакітных бутонаў экзатычных кветак, паселі за кубкам гарбаты на тэрасе французскай кавярні. Гэтыя двайнікі Одры Хэпбёрн матляюць бездакорнымі ножкамі з туфлікамі на высокіх абцасах і бесклапотна цілікаюць, раз-пораз трасучы галовамі і гонячы хвалю па даўжэзных цёмных валасах. З аднаго боку кавярні месціцца буцік “Ціфані”, з другога – дзіцячай “Дольчэ Габаны” (такога шыкоўнага магазіна няма нават у Маскве). (фрагмент)