- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Такую магчымасць маюць навучэнцы гуртка краязнаўства, які пачаў сваю дзейнасць з верасня 2019 г. на базе Гарадоцкага цэнтра дзяцей і моладзі. Гурток аб’яднаў дванаццаць цікаўных да гісторыі свайго краю хлопчыкаў і дзяўчат з восьмага да адзінаццатага класаў. Заняткі праводзяцца два разы на тыдзень і даюць магчымасць краязнаўцам не толькі ўдасканальваць веды па сусветнай і айчыннай гісторыі, але і ўбачыць на ўласныя вочы гістарычныя і проста прыгожыя мясціны Гарадоцкага раёна і Віцебскай вобласці. У межах знаёмства з тэмай «Археалагічнае мінулае Гарадоччыны» школьнікі наведалі Гарадоцкі краязнаўчы музей. Навуковы супрацоўнік Ірына Якімава паведаміла ім пра жыццё нашых продкаў. Падчас экскурсіі былі прадстаўлены некаторыя археалагічныя знаходкі, з якіх найбольшы інтарэс у дзяцей выклікала пахавальная ўрна, знойдзеная ў адным з могільнікаў на тэрыторыі нашага раёна. На наступным занятку вучні мелі магчымасць пабачыць курганны могільнік каля возера Лугавое. У канцы верасня навучэнцы наведалі Віцебск, дзе сталі ўдзельнікамі лагера жывой гісторыі «Сярэднявечча», арганізаванага клубам гістарычнай рэканструкцыі «Нагльфар». Удзельнікі клуба распавялі пра асаблівасці сваёй дзейнасці і паказалі захапляльныя майстаркласы ў духу былых часоў. Цікава, што кожны з прадстаўленых экспанатаў зроблены рэканструктарамі па тэхналогіі скандынаўскіх майстроў. Падчас мерапрыемства кожны змог прымерыць вопратку і зброю сярэднявечнага ваяра, якой тут было шмат — ад невялікай сякеры да сапраўднага скандынаўскага мяча.