- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Горадня – як да, так і пасля Другой сусветнай вайны – функцыянавала як прасторавая і сімвалічная сістэма каардынат, якая пастаянна змянялася. Спосабы прачытання і перапісвання разнастайных гістарычных і культурных адносінаў апісваюцца ў гэтай працы як палімпсест. Каб упісаць новую тэкстуру, часткова ліквідуюцца старыя знакі. Новыя інтэрпрэтацыі аднак набываюць легітымнасць перадусім праз прачытанне і выяўленне старэйшых слаёў. Каб раскрыць комплекснасць гэтай знакавай сістэмы, аўтар супастаўляе розныя нацыянальныя і савецкую гістарыяграфіі, каб звязаць наратывы, якія раней распавядаліся асобна адзін ад аднаго. Гэтая праца па гісторыі Горадні з 1919 да 1939 гг. на прыкладах паказвае разбурэнне і адраджэнне цэнтральнаеўрапейскага гораду. Адметным для гораду з 50 тысячамі жыхароў (у 1939 г.) было размяшчэнне ў пераходнай прасторы паміж літоўскімі, польскімі і беларускімі землямі. Тыповым для рэгіёну, апроч цераспалосіцы хрысціянскіх насельнікаў, якая вынікала з геаграфічнага размяшчэння, была высокая доля габрэйскага насельніцтва ў горадзе (50 %). Факусаванне нашай працы на культурным асваенні гарадскіх прастораў робіць магчымым даследаванне інтэракцыі ды наслойвання разнастайных этнічных, рэлігійных і моўных групаў на мезаўзроўні. Гэтае даследаванне разглядае тое, як пасля Першай сусветнай вайны пра сябе заяўлялі польскія, габрэйскія, расейскія і беларускія групы, і паказвае, што горад да 1939 г. прасторава ўсё ж такі не быў цалкам падзелены паводле нацыянальных прыкметаў.