- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Дзейнасць беларускіх эмігрантаў на працягу ХХ ст. была шырокай і разнастайнай. Выданне газет і часопісаў адыгрывала ў гэтай дзейнасці важную ролю, бо аб’ядноўвала розныя асяродкі беларускіх эмігрантаў. Неабходна падкрэсліць, што ацэнка дзейнасці эмігрантаў застаецца на сённяшні дзень неадназначнай. Вывучэнне гэтай тэматыкі распачалося толькі на пачатку 90-х гадоў. Нягледзячы на тое, што была праведзена вялізарная праца па даследаванні гісторыі эміграцыі, далёка не ўсё яшчэ высветлена. З аднаго боку, сустракаецца адкрытая крытыка дыяспары, з другога — цалкам станоўчае апісанне дзейнасці прадстаўнікоў эміграцыі, эміграцыйных арганізацый і устаноў. Прычынай шматлікіх хваляў эміграцыі (усяго ў гісторыі Беларусі іх можна вылучыць дзевяць) стала геаграфічнае становішча нашай краіны. Беларусь цягам сваёй гісторыі шмат разоў рабілася ці плацдармам вядзення разбуральных войнаў, ці аб’ектам тэрытарыяльных прэтэнзій з боку суседніх дзяржаў.