- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Супраць стваральнікаў незалежнага прафсаюза на “Граніце” задзейнічалі пракуратуру. Падпісантаў заявы аб намеры правесці папераджальны страйк на прадпрыемстве пракурор папярэдзіў аб адказнасці. Людзям пагражаюць негатыўнымі наступствамі. “Народная Воля” распавядала, што 20 лютага стваральнікі пярвічнай арганізацыі незалежнага прафсаюза накіравалі на імя выканаўцы абавязкаў дырэктара “Граніта” Эдуарда Гаўрылковіча заяву, у якой патрабавалі неадкладна спыніць дыскрымінацыю па прафсаюзнай прыкмеце, аднавіць на працы звольненых Алега Стахаевіча і Людмілу Літвінка, а таксама неадкладна выдзеліць памяшканне для пярвічнай арганізацыі незалежнага прафсаюза, бо гэта неабходна для яе афіцыйнай рэгістрацыі. У заяве былі пералічаны прозвішчы службовых асоб прадпрыемства, чые “незаконныя дзеянні”, на думку рабочых, “ганьбяць рэпутацыю РУВП „Граніт” як унутры краіны, так і за яе межамі, што можа выклікаць увядзенне санкцый у дачыненні да прадпрыемства (абмежаванне рэалізацыі прадукцыі на знешніх рынках) і адбіцца на сацыяльна-эканамічным становішчы ўсяго працоўнага калектыву”. Рабочыя папярэдзілі, што ў выпадку невыканання патрабаванняў “будзе праведзена папераджальная забастоўка з поўным спыненнем вытворчасці і спыненнем адгрузкі гатовай прадукцыі”, а адказнасць за гэта “будзе ляжаць на вышэйпералічаных службовых асобах”.