83 гады таму саветы пачалі ажыццяўляць план знішчэння польскай нацыі
2023-04-03 14:50
3-га красавіка 1940 года НКУС пачаў дэпартацыю польскіх ваеннапалонных у Катынь.
83 гады таму, 3-га красавіка 1940 года, Народны камісарыят унутраных спраў СССР (НКУС СССР) пачаў дэпартацыю ў Катынь польскіх афіцэраў – вязняў лагера для ваеннапалонных у Казельску, а ў наступныя дні таксама з лагераў у Асташкаве і Старабельску.
На месцы – у Катыні іх чакала смерць ад стрэлу ў патыліцу, іх пахаванне ў безыменных ямах смерці ў Катыні, Медным і Харкаве. Расстрэлы працягваліся шэсць тыдняў, з красавіка па май 1940 года. У рамках Катынскай разні, вясной 1940 года, НКУС забіў амаль 22 тысячы польскіх грамадзян, якія трапілі ў палон пасля ўварвання Савецкага Саюза ў Польшчу, 17 верасня 1939 года.
Ваеннапалонныя са спецлагераў НКУС у Казельску, Асташкаве і Старабельску складалі 14 700 сярод забітых. Астатнія 7 305 чалавек, у тым ліку 3 435 з гэтак званага Украінскага катынскага спісу і 3 870 з Беларускага катынскага спісу – гэта ў асноўным мірныя жыхары, якія ўтрымліваліся ў турмах Заходняй Украіны і Беларусі, гэта значыць тэрыторый Польшчы, уключаных у склад Савецкага Саюза.
Сярод расстраляных у Катыні былі афіцэры Войска Польскага – выдатныя камандзіры і стратэгі, паліцыянты, дзяржаўныя служачыя, навукоўцы, выкладчыкі ВНУ, артысты, лекары, настаўнікі і юрысты. Яны складалі эліту польскай нацыі – яе абарончы, інтэлектуальны і творчы патэнцыял.
Адзін з нямногіх вязняў лагера ў Старабельску, якому ўдалося выжыць, мастак і вайсковец Юзэф Чапскі(Józef Czapski), успамінаў у 1961 годзе ў эфіры Радыё Свабодная Еўропа, што НКУС, пасылаючы польскіх афіцэраў на смерць, ствараў уражанне, што яны едуць на месца перагрупоўкі:
- Кіраўніцтва лагера распаўсюджвала чуткі, што нібыта саветы аддаюць нас заходнім хаўруснікам, што адпраўляюць нас у Францыю. Нам падкінулі нават афіцыйны савецкі дакумент з маршрутам нашай паездкі праз Бендэр. Маўляў, яго знайшлі ў балоце на дарозе.
Функцыянеры НКУС забівалі палякаў на падставе сакрэтнай пастановы ад 5 сакавіка 1940 года, падпісанай Іосіфам Сталіным і яго таварышамі з Палітбюро. Кіраўнік Упраўлення па справах ветэранаў і рэпрэсаваных асоб Ян Юзэф Каспшык (Jan Józef Kasprzyk) падкрэсліў, што саветы, ліквідуючы польскую эліту, планавалі знішчыць польскую нацыю:
- Гэта была дэталёва распланаваная акцыя, разам з другім акупантам – Трэцім Рэйхам. Нагадваю, у моманце, калі пачаліся расстрэлы ў Катыні, таксама пачаліся расстрэлы ў Пальмірах у рамках акцыі Гестапа. Абодва акупанты планавалі знішчыць польскія эліты і такім чынам давесці да таго, каб Польшча, пазбаўленая кіроўных элітаў, ніколі больш не адрадзілася.
Між тым, у акупаванай Польшчы сем'і зняволеных афіцэраў чакалі вяртання сваіх блізкіх. Дачка вязня са Старабельска Крыстына Гаер(Krystyna Gajer) успамінала, што апошнюю паштоўку з лагера бацька даслаў дахаты перад Вялікаднем:
- Мама даведалася, што цяжка паранены бацька апынуўся ў лагеры. Ён даслаў са Старабельска дзве карткі. Мама таксама адправіла яму картку, але яна вярнулася з надпісам: «з’ехаў» з пячаткай з Масквы.
Сведкам адкрыцця масавых пахаванняў у Катыні быў Генрык Трашчыньскі (Henryk Troszczyński), які восенню 1942 года быў адпраўлены немцамі на прымусовыя работы ў ваколіцы Катыні. Ад мясцовых сялян ён даведаўся, што ў 1940 годзе тут адбылося масавае злачынства і што побач знаходзяцца магілы польскіх жаўнераў. Генрык Трашчыньскі ўспамінаў, што неўзабаве пасля гэтай інфармацыі немцы пачалі эксгумацыі:
- Такім чынам пачалося выяўленне катынскіх магілаў. Усіх ямаў смерці было восем. З іх былі дабытыя 4 321 целаў ахвяраў. Сярод іх была адна жанчына – лейтэнант Яніна Левандоўска і таксама мясцовы хлопчык, які быў застрэлены за тое, што быў сведкам злачынства.
Упершыню інфармацыя аб выяўленні масавых пахаванняў у Катыні была агучана немцамі 13 красавіка 1943 года. Праз два дні пра гэта ў радыё пачуў былы вязень Казельска Здзіслаў Пашкоўскі (Zdzisław Peszkowski) – пазнейшы святар Катынскіх сем’яў:
- Першыя прозвішчы, якія я пачуў – гэта былі мае сябры. Я сказаў тады Божа Мой!
Толькі ў 1990 годзе расіяне прызналі, што масавыя расстрэлы палякаў здзейснілі функцыянеры НКУС. Раней, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, яны прасоўвалі ілжывую версію падзей, нагадаў кіраўнік Упраўлення па справах ветэранаў і рэпрэсаваных асоб Ян Юзэф Каспшык:
- Хлусня – гэта неадʼемны элемент палітыкі Расіі, ці яна «белая», «чырвоная», ці «пуцінская». Не іначай было ў выпадку Катынскай разні. Расія хлусіла, абвінавачваючы ў ёй немцаў. Такім чынам адбылося ў 1943 пасля выяўлення месцаў пахавання палякаў і пазней у часы ПНР. Нагадваю, нават у Міжнародным ваенным трыбунале ў Нюрнбергу ў Катынскай разні спрабавалі абвінаваціць немцаў.
Здзяйсняльнікаў Катынскага злачынства да крымінальнай адказнасці прыцягнуць не ўдалося. У ходзе 14-гадовага расследавання расійскай пракуратуры, якое скончылася ў 2004 годзе, было вырашана, што забойства не было злачынствам генацыду.
Расследаванне Катынскай разні з 2004 года надалей праводзіць Інстытут нацыянальнай памяці. Гісторыкі інстытута лічаць Катынскае злачынства генацыдам з-за яго ідэалагічнай матываванасці па нацыянальных прыкметах і масавага характару.
Намаганні польскага боку па ўшанаванні памяці ахвяраў Катынскага злачынства завяршыліся ў 2000 годзе, у 60-ю гадавіну разні, калі былі адкрыты польскія могілкі ў Катыні, Медным і Харкаве. У 2012 годзе адкрыліся чацвёртыя могілкі – ва ўкраінскай Быкоўні.
IAR/аз