80 гадоў таму ў Варшаўскім гета пачалося паўстанне
2023-04-19 15:41
Паўстанне ў Варшаўскім гета было найбуйнейшым узброеным зрывам габрэяў падчас Другой сусветнай вайны.
80 гадоў таму – 19 красавіка 1943 года – у Варшаўскім гета пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам габрэйскіх падпольных узброеных груповак. Паўстанне ў Варшаўскім гета было найбуйнейшым узброеным зрывам габрэяў падчас Другой сусветнай вайны і адначасова першым гарадскім паўстаннем у акупаванай Еўропе.
У Варшаўскім гета, створаным у 1940 годзе, на плошчы каля трох квадратных кіламетраў, немцы ўтрымлівалі больш за 400 тысяч габрэяў. Дзясяткі тысяч з іх памерлі ад хвароб і голаду.
22 ліпеня 1942 года немцы пачалі вывозіць жыхароў гета ў лагер смерці «Трэблінка», дзе загінула каля 300 тысяч варшаўскіх габрэяў. Восенню 1942 года ў «частковым» гета засталіся толькі дзясяткі тысяч жыхароў.
Першапачаткова меркавалася, што ўзброеныя дзеянні могуць прывесці да большых ахвяр сярод мірнага насельніцтва. «Гэтае стаўленне змянілася пасля другой акцыі ліквідацыйнай гета ў студзені 1943 года. Тады ў выніку акцыі габрэйскіх падпольшчыкаў загінула каля дваццаці немцаў. Гэта дала надзею і зрабіла вялікае ўражанне на зняволены жыхарах гета, кажа Агнешка Жулкеўска(Agnieszka Żółkiewska) з Габрэйскага гістарычнага інстытута:
- Тады яны зразумелі, што, нягледзячы на магчымыя вялікіх страты сярод насельніцтва, узброены супраціў мае сэнс, паколькі можа запаволіць акцыю па ліквідацыі гета. Гэта дасць нейкай групе людзей шанец выжыць.
Гісторык падкрэслівае, што ў перыяд, які папярэднічаў паўстанню, у гета ішла інтэнсіўная падрыхтоўка. Для барацьбы былі падрыхтаваны бункеры, а для мірных жыхароў – схованкі. Праходзілі намаганні па набыцці зброі:
- У гэтым часе ўзнікае другое – падземнае гета. Гэта сетка бункераў і схованак, дзе людзі мелі хавацца ад чарговай нямецкай акцыі па ліквідацыі гета, а можа і выжывуць да вызвалення. Гэты від супраціву сярод мірных жыхароў быў звязаны таксама з узбраеннем жыхароў гета.
Раніцай, 19 красавіка 1943 года, напярэдадні габрэйскага свята Песаха, немцы акружылі гета і пачалі выцясняць насельніцтва. На той момант у гета было каля 50-60 тысяч жыхароў. Нагадваем, на піку функцыянавання гета іх было паўмільёна.
Габрэйскія байцы атакавалі нямецкія войскі, якія ўвайшлі ў гета. «Само паўстанне грунтавалася пераважна на барацьбе са схаваных бункераў і ўмацаванняў, а не на вулічных баях», – кажа гісторык Шыман Нядзела(Szymon Niedziela):
- У рамках ваенных аналізаў баёў у гета можна сказаць няшмат, паколькі фактычна баі на вуліцах горада працягваліся толькі ў першыя дні паўстання. Найбуйнейшыя баі прайшлі на Мураноўскай плошчы, на вуліцах Гэнся і Налеўкі, а таксама на тэрыторыі майстэрні шчотачнікаў на вуліцы Свентаерскай – зараз гэта тэрыторыя амбасады КНР у Варшаве.
Удзельнікі паўстання ў гета разумелі, што ў іх няма шанцаў на перамогу, кажа старшыня Інстытута нацыянальнай памяці Караль Наўроцкі(Karol Nawrocki). Пра гэта, паводле яго, сведчаць захаваныя ўспаміны:
- Яны маліліся за крывавы бой і раптоўную смерць. Удзельнікі паўстання разумелі, што ў іх няма шанцаў на перамогу, яны толькі мелі надзею на гераічную смерць.
Караль Наўроцкі нагадаў, што ўжо праз некалькі гадзін пасля выбуху паўстання Армія Краёвая правяла акцыю, накіраваную на дапамогу паўстанцам. 19 красавіка 1943 года падраздзяленне Арміі Краёвай каля сцен гета ўступіла ў сутычку з немцамі.
На падаўленне паўстання былі накіраваны жаўнеры СС, вермахта, паліцыі бяспекі і дапаможных латвійскіх, літоўскіх і ўкраінскіх фарміраванняў – усяго больш за 2 000 добра экіпіраваных жаўнераў.
Каб выгнаць габрэяў са схованак, немцы метадычна падпальвалі дом за домам. У выяўленыя бункеры кідалі газавыя бомбы і гранаты. Затрыманых мірных жыхароў тэрмінова даставілі на Умшлагплац, адкуль адправіліся транспарты ў лагеры, кажа сведак тагачасных падзеяў:
- Яны бамбілі, ішлі і палілі ўсё па чарзе. Гэта было мора агню. Усё гарэла. Гэта быў Апакаліпсіс. Гэта, як землятрус і пажар адначасова. Чалавеку не зразумець, што тут рабілі немцы.
Супраць іх выступіла група, паводле розных ацэнак, ад 700 да 2 000 практычна бяззбройных паўстанцаў, кажа гісторык Шыман Нядзела:
- Гэтыя каля 500 байцоў Габрэйскай баявой арганізацыі і Габрэйскага ваеннага саюза мелі вельмі марнае ўзбраенне. Гэта было некалькі аўтаматаў і некалькі дзясяткаў вінтовак і пісталетаў. Астатняя зброя – гэта гранаты і кактэйлі Молатава.
Крыстына Будніцка(Krystyna Budnicka), тады 11-гадовая дзяўчынка, хавалася з сям'ёй у бункеры. З 10 чалавек у жывых засталася толькі яна. Каб ахаладзіцца людзі беглі ў каналы, успамінае жанчына:
- У канале была ўжо халодна. Ляжалі дошкі, на якіх мы сядзелі. Аднак немцы хутка зарыентаваліся, што ў каналах нехта ёсць і пачалі страляць. Так, што каналамі плылі трупы. Яны пачалі таксама кідаць у каналы газавыя бомбы.
16 траўня 1943 года немцы абвясцілі аб завяршэнні акцыі пацыфікацыі і ў знак канчатковага знішчэння Варшаўскага гета ўзарвалі Вялікую сінагогу на Тломацкем. Аднак частка людзей засталася ў схованках. Немцы шукалі іх шмат тыдняў пасля заканчэння баёў.
Некаторыя габрэі хаваліся ў руінах да канца 1943 года. Крыстына Будніцка пакінула сваё сховішча ў сярэдзіне верасня, яе перавезлі ў закрытую фабрыку, а адтуль далей:
- Мы нават не нагадвалі людзей. Нас спакавалі ў мяшкі ў фабрыцы і перавезлі на вуліцу Макатоўскую 1. Там прыйшоў лекар. Спачатку рэкамендаваў дыету, паколькі мы не маглі нармальна есці.
Каля 6 000 габрэяў загінулі ў баях і пажарах. Яшчэ 7 000 забілі немцы падчас расстрэлаў, столькі ж было адпраўлена ў нямецкі лагер смерці ў Трэблінцы. Астатнюю групу з каля 36 000 габрэяў немцы перавезлі ў канцлагеры «Аўшвіц-Біркенаў», «Майданэк» і іншыя.
Сярод жаўнераў Габрэйскай баявой арганізацыі некалькі дзясяткаў перажылі паўстанне ў гета. Аднак толькі адзінкі з іх дажылі да канца вайны. Таксама ў баях у гета загінулі амаль усе жаўнеры Габрэйскага ваеннага саюза.
IAR/аз