Музей Максіма Багдановіча «Фальварак Ракуцёўшчына» запрашае на традыцыйнае свята паэзіі і песні, што праводзіцца ў месцы сілы і натхнення паэта непадалёк ад Маладзечна. Мерапрыемства пройдзе 26 ліпеня з 16 па 20 гадзіну.
Менавіта ў вёску Ракуцёўшчына на адпачынак летам 1911 года прыехаў гімназіст з Яраслаўля, а вяртаўся — беларускі пісьменнік
Максім Багдановіч, з планамі і марамі пра будучую кнігу. Наробак летніх месяцаў грунтоўны — цыклы вершаў «Места», «Старая Беларусь», паэмы «У вёсцы» і «Вераніка».
Па традыцыі — у апошнюю суботу ліпеня — музей Максіма Багдановіча запрашае на свята паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета — 2025». У праграме чакаюцца:
— прывітальная імпрэза каля памятных камянёў, ускладанне кветак;
— экскурсіі па экспазіцыі музея «Фальварак Ракуцёўшчына»;
— займальныя майстар-класы, гульні ды забаўкі;
— канцэрт з удзелам беларускіх літаратараў, музыкаў, спевакоў;
— квэсты і шмат іншых цікавостак;
— бяспройгрышная разыгранка з прызамі ад музея.
Ёсць магчымасць паехаць разам з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча, кошт — 30 руб.
Абавязкова — папярэдняя аплата (білеты можна набыць анлайн і ў касе музея) і запіс па тэл. + 375 17 378 57 82 (Алена Кніга).
Таксама можна завітаць самастойна:
— электрычкай Мінск-Маладзечна, Маладзечна-Мінск — да станцыі Уша;
— маршрутным таксі Мінск-Краснае, Мінск-Маладзечна — да вёскі Краснае (прыпынак каля танка);
— уласным аўто — да вёскі Ракуцёўшчына (GPS: 54.2541, 27.0925).
Тэлефоны для даведак: + 375 17 355 22 95 (Менск), + 375 17 679 61 41 (Ракуцёўшчына).