22-га чэрвеня – суды за „ланцуг салідарнасці” у Віцебску і Наваполацку
2020-06-22 15:05
У Віцебску будуць судзіць блогерку Алену Янушкоўскую, якую 19-га чэрвеня міліцыя затрымала разам з дачкой, Юліяй Уласенка.
Алена Янушкоўская вяла прамую трансляцыю з віцебскага “ланцуга салідарнасці”, але пратаколы на абедзвюх склалі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Дзвюх жанчын затрымлівалі пяцёра амапаўцаў, распавяла Юлія Уласенка:
– Пяцёра амапаўцаў пасадзілі нас у мікрааўтобус, сказалі выключыць мабільныя тэлефоны – не дазвалялі адказваць на званкі. Прывезлі ў РАУС, і яшчэ хвілін 40 трымалі ў машыне. Я чула, як яшчэ людзей прывезлі, і адна жанчына гучна крычала: “За што вы нас забралі, мы проста гулялі!”
Дачку пасля складання пратакола адпусцілі дахаты, а маці, Алену Янушкоўскую, змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання амаль на трое сутак – да сённяшняга суду. У колькі ён адбудзецца – невядома, сябры і родныя будуць чакаць з самай раніцы, пакуль прывязуць дакументы. Тое самае чакае сяброў і родных навапалачаніна Дзмітрыя Рыжычэнкі, сына вядомай актывісткі Вольгі Дамаскінай.
Ён затрыманы і таксама знаходзіцца пад вартай, распавяла маці:
– У суботу пайшоў на працу, і недзе каля гадзіны мне патэлефанаваў, што затрыманы, і што ён будзе знаходзіцца пад вартай. У панядзелак будзе суд, анлайн. Я хацела ўдакладніць у міліцыі, у які час будзе суд. Мне сказалі, што не ведаюць. Пытаюся: “А чаму вы не ведаеце?” Адказ: “Таму што”.
У Наваполацку і ў Віцебску падчас акцый салідарнасці затрымалі каля 15-ці чалавек. Амаль усіх тым жа вечарам адпусцілі. Праваабаронцы і журналісты высвятляюць імёны і прозвішчы затрыманых, і ці складалі на іх пратаколы.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск