20-гадовая маладзечанка: «Амапаўцы смяяліся, што па дарозе на Мінск разарвуць мяне»
2020-10-24 22:37
20-гадовая маладзечанка Крысціна праз шмат тыдняў дрыжачым голасам расказвае пра сваё затрыманне 10 жніўня, і ўвесь час нашай размовы здзірае стразы з манікюру.
Дзяўчыну асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванне службовай асобе. Пра тое, што з ёй адбылося ў першыя дні пасля выбараў і як гэта гісторыя працягвае назаляць, яна падзялілася з чытачамі «Рэгіянальнай газеты»:
– 9 жніўня вечарам я сустрэла свайго маладога чалавека з працы, мы прагуляліся, убачылі, што на плошчы шмат людзей. Стала цікава, падышлі, убачылі міліцыянераў. Яны стаялі ў шэрагу насупраць помніка Леніну. Людзі свяцілі ліхтарыкамі, крычалі: «Міліцыя з народам». Хтосьці крыкнуў, што трэба ісці да стэлы ў парку. Усе рушылі туды. Мы вырашылі, што пойдзем з імі, таму што адтуль зручна было б ісці дадому. Хтосьці наперадзе запаліў фаер. Тут жа прыехаў АМАП. Яны выйшлі з дубінкамі, сталі імі трэсці. Мне ўжо ў той момант стала не па сабе, затрэсліся рукі.
Вырашылі сысці адтуль, натоўп пачаў разыходзіцца. Мы стаялі каля дарогі на скрыжаванні непадалёк ад гандлёва-эканамічнага каледжа. У гэты момант сілавікі пачалі страляць гумовымі кулямі. Чуем выстралы, майму хлопцу штосьці адляцела ў нагу. Ён глядзіць і кажа, што, пэўна, гэта гумовая куля.
Пасля мы даведаліся і ад іншых, што такімі кулямі стралялі, стала ясна, што гэта яна і была. У яго засталіся сляды на назе.
Мы пабеглі, схаваліся ў двары, а пасля рушылі дадому. Калі ішлі, з двароў насупраць шостай гімназіі выбеглі чатыры ці шэсць амапаўцаў. Яны пачалі на нас крычаць: «Што вы тут робіце?! Зусім афігелі?», толькі з матамі. Мы кажам, што гуляем проста, адказалі, каб ішлі дадому. Мы не сталі спрачацца, пайшлі.
Вечарам 10 жніўня мы з маім маладым чалавекам дамовіліся сустрэцца пасля яго працы і пагуляць. Ён затрымліваўся на працы, і я пайшла да сяброўкі. Вярталася адна, ішла ў раёне шостай гімназіі. Было прыкладна 22:50, каля гімназіі стаяла шмат людзей. Раптам натоўп пачынае бегчы, а дарога перакрытая.
Я разгубілася, стала на месцы, не ведала, што рабіць. А міма бягуць людзі з дубінкамі, двое ляцяць на мяне, пачынаюць замахвацца.
Падымаю рукі ўгору, каб не білі, і тут б’юць па нагах – у мяне пасля была вялізная гематома на назе. Потым мяне адкінулі. Калі адзін амапавец ударыў, іншы тузануў таго за руку і сказаў: «Не трэба».
Азірнулася і ўбачыла, што крыху далей сядзіць мужчына, яго моцна збіваюць чатыры супрацоўнікі.
Думала, на гэтым усё скончыцца, але мяне схапілі, пачалі замахвацца, яшчэ раз ударылі па нагах, пачалі запіхваць у вялікую белую машыну. Я заплакала, кажу супрацоўніку ў масцы: «А што, калі б ваша дачка проста ішла дадому, яе б схапілі і так збілі?». Супрацоўнік адказаў: «Калі б там была мая дачка, я яе дома пасля забіў бы». Разумею, што спрачацца з імі не варта, саджуся ў машыну. У аўто з затрыманых я была адна.
У аўтамабілі так смярдзела, пякло ў вочы, стала цяжка дыхаць. Яны адчынілі вокны. Міліцыянер узяў мяне за руку і патлумачыў – гэта каб я не выскачыла. Адразу прывезлі на Галіцкага. Высадзілі, жанчына дагледзела мае рэчы. Рукі не звязвалі, сказалі стаць да сцяны. Пасля прывезлі дзяўчыну, якая ўзрушалася ў бок міліцыі. Ёй рукі пераціснулі сцяжкай, дзяўчына прасіла аслабіць, аслабілі праз гадзіны дзве. Я ўвесь час стаяла смірна, таму што было вельмі страшна.
Пазней даведалася, што гэта дзяўчына ішла з бел-чырвона-белым сцягам з Пагоняй, таму яе і затрымалі, таксама каля шостай гімназіі. Казала, што яе абражалі рознымі матамі, што такія, як яна, псуюць наша грамадства. Была яшчэ адна дзяўчына, неяк раней я яе бачыла ў горадзе, пазнала па твары. Ёй 16 год, яна таксама груба выказвалася ў бок міліцыі.
Міліцыянер, цёмнавалосая поўная жанчына, якая адчыняла вароты дворыка, падышла, схапіла яе і некалькі разоў ударыла аб гараж.
Гэта ж дзяўчынка, яе пасля бацька адтуль забіраў! Пасля міліцыянер паклала яе на зямлю, сказала ляжаць і не ўставаць. Магчыма, дзяўчынка дазваляла сабе некультурныя выразы, але каб збіваць дзіця, на гэта ніхто не мае права ні пры якіх абставінах! Гэту дзяўчынку, здаецца, завуць Каця, яна хударлявая і з яркімі валасамі – ружовымі ці рыжымі.
Як заязджаць у двор РАУС, там стаіць гараж, а каля яго курылка. Насупраць уваход у аддзяленне, там ляжалі людзі. Каля гаража з іншага боку ляжалі людзі, некаторыя сядзелі. Далей у цемнаце таксама былі людзі. Я іх спачатку не бачыла, але калі пачало святлець, то ўбачыла, што там таксама ёсць. У дворыку было больш за 30 чалавек, але дакладную колькасць сказаць не магу.
Я там была ад 23 гадзін, а пратакол склалі толькі ў 7:20–7:30. Увесь гэты час была на вуліцы. Толькі праз гадзіны дзве майго знаходжання некаторых пачалі вадзіць у прыбіральню. Ляжаў адзін мужчына з разбітай галавой. Іншы мужчына спытаўся, ці можна пакурыць, у адказ падляцеў амапавец, замахнуўся і закрычаў: «Што, табе спакойна не стаіцца?».
Я адварочвалася, калі бачыла гэты жах. Было настолькі страшна, што не магла вымавіць ні слова. Гляджу на людзей, і мне іх так шкада! Гэта ўсё было так не па-чалавечы.
Калі мяне толькі прывезлі, у дворыку былі амапаўцы. Яны глядзяць на мяне і кажуць: «Давайце забяром яе з сабой у Мінск». Моўчкі гляджу на іх. Адзін з іх пачынае смяяцца і кажа: «Баюся, што не даедзе, мы яе разарвём». Адразу нават не асэнсавала, пра што яны гаварылі. Цяпер разумею, што ўсё магло скончыцца яшчэ больш жахліва. Як толькі прыехала, пачалі складаць пратаколы і выклікалі затрыманых па чарзе. Я была адна з апошніх, на каго склалі пратакол. АМАП пакрысе з’язджаў, бліжэй да раніцы засталіся толькі міліцыянеры, якія таксама не дазвалялі некаторым сесці.
Праз гадзіны чатыры-пяць мне дазволілі прысесці на лаўку. Калі раніцай стала зусім холадна, прынеслі плед.
Калі выклікалі складаць пратакол, са мной пачалі размаўляць міліцыянеры. Цяпер разумею, што гэта ўсё было для таго, каб падпісала пратакол, але тады падалося, што яны настроеныя да мяне добра. Размаўлялі недзе гадзіну – гэта такі падман, каб я падпісала пратакол. Сказалі, што штраф будзе недзе з дзве базавыя.
Я, не ведаючы, што за такія артыкулы даюць вялізныя штрафы, пагадзілася. Казалі: зараз хуценька падпішаш, адразу ж адпусцім дадому, у цябе ж няма ніякіх адміністрацыйных правапарушэнняў, непагашаных штрафаў. І я падпісала пратакол, другі – нават не чытаючы.
Калі склалі пратакол, прыйшла жанчына правесці дагляд, каб пасадзіць у ІЧУ. Ніхто мяне адпускаць і не збіраўся. У гэты час прыехала “хуткая дапамога”, кажуць міліцыі, што неабходна шпіталізаваць аднаго мужчыну, у якога было нешта ці з рукой, ці з галавой.
Дактарам адказалі, што ён будзе сядзець у ІЧУ. Усё ж яго забралі дактары. Але ўжо з акна ІЧУ бачыла, што яго прывезлі зноў у дворык – значыць, аказалі медыцынскую дапамогу і вярнулі. Думала, што людзей у двары будзе ўсё менш, але іх станавілася ўсё больш.
Прыкладна ў 14 гадзін выклікалі на суд, ён быў у будынку міліцыі, у 14:40 выпусцілі. Заходжу, сядзіць суддзя. Пытаецца: «Ну што вы, усё прызналі?», адказваю, што так. Пытаецца, ці раскайваюся. Адказваю, што так. Кажа: «У вас два цяжкія артыкулы, мы можам даць па іх 30 сутак».
Я прашу, каб далі штраф, таму што не змагу адседзець 30 сутак, проста не вытрымаю, моцна расплакалася. Адказваюць, што тады штраф – за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 20 базавых, за супраціўленне службовым асобам – 30. Гэта сума мяне збянтэжыла, але правесці месяц там я не змагла б.
Ніколі да гэтага на судзе не была, але разумела, што нешта тут не так, што суд павінны адбывацца па-іншаму. Мне не далі ніякіх дакументаў, я нідзе больш не распісвалася.
Зноў завялі на ІЧУ забраць рэчы. Там міліцыянер спытаўся, што мне далі – суткі або штраф. У яго быў звычайны сшытак, дзе запісваў звесткі. Выглядала ўсё гэта неяк неафіцыйна. Калі выйшла, сустрэлі валанцёры, якія прапанавалі дапамогу.
Я выйшла без ніякіх дакументаў. Папярэдзілі, што цягам 10 дзён усё прышлюць. Пачакала амаль месяц, і 9 верасня патэлефанавала ў суд. Адказалі, што такога быць не можа, дакументы павінны былі прыйсці. 23 верасня мне тэлефануе тата, просіць сустрэцца. І пры сустрэчы дае пастанову ад судовага выканаўцы, што мне далі дадатковы штраф, бо не аплаціла асноўны, таму прыходзілі апісваць маю маёмасць.
Сустракаюся з судовым выканаўцам, тлумачу, што мне ніякія дакументы не прыйшлі, а яшчэ і дадатковы штраф далі. У судзе пасля даюць пастановы, пытаюся, а чаму мне іх не перадалі. Адказваюць, што я павінна была прыйсці па іх сама, пра гэта казалі на маім судзе. Адказваю, што мне нічога такога не казалі. Кажуць, што такога быць не можа.
Я збіралася пастанову абскарджваць, але мне нічога не прыходзіла, і мне яшчэ кажуць, што сама вінавата.
Пачала чытаць пастанову, якую далі ў судзе. Стала і смешна, і сумна, і сорамна. Аказалася, што я і п’яная была, хаця дыхала на Галіцкага ў трубачку, якая паказала нуль. Мой малады чалавек сказаў, што гэты агляд павінны былі праводзіць у псіханеўралагічным дыспансеры. Калі я дыхнула, паказала па нулях. Пры мне ў рукапісны пратакол упісвалі нулік. Мой малады чалавек сказаў, што да таго нуліка маглі дапісаць любую лічбу, таму што гэта было напісанае ад рукі.
Мяне абвінавачвалі таксама ў супраціўленні пры арышце, і я спыталася, што ж зрабіла такое, што можна назваць супраціўленнем. Мне адказалі – вы былі на мітынгу. Кажу, што праходзіла міма. Мне адказваюць – ну вы ж там знаходзіліся. Прачытала, што я крычала, адмахвалася, упіралася. Мая віна, што не прачытала другі пратакол у міліцыі і падпісала. Напісала заяву на растэрміноўку выплаты штрафаў.
У міліцыі пры складанні пратакола ўказвала адрас прапіскі. Калі судовыя выканаўцы прыехалі да таты, ён сказаў, што яго дачка ўжо дарослая, жыве самастойна, буду цяпер у свайго маладога чалавека. Запісалі яго адрас, прыязджалі без мяне да яго на вопіс.
Гэта не мой дом, і ніякай маёй маёмасці там няма, максімум нешта з адзення. Яны пачалі патрабаваць дакументы на рэчы мамы і бабулі маладога чалавека, каб даказаць, што гэта не маё.
На не самую новую тэхніку дакументаў, канешне, не было. Я там не прапісаная, не маю ніякага дачынення да гэтай кватэры, а там збіраюцца забіраць нейкія рэчы.
Майго сябра затрымалі 11 жніўня ў Маладзечне, калі ўбачыла яго фотаздымкі сіняга цела, то мой сіняк на ўсю нагу падаўся зусім не страшным.
Расказваў, што яму хацелі зняць штаны і пагражалі дубінкай. Ён з’ехаў з краіны.
Цяпер адзінае, што мяне супакойвае – калі чытаю навіны, бачу вялікую колькасць людзей і відаць, што яны ў бяспецы. Калі пратэстоўцаў шмат, яны мірна стаяць ці ходзяць, мяне гэта супакойвае. Супакойваюць добрыя навіны.
Калі выходжу вечарам курыць на балкон і чую нейкія крыкі, а мой малады чалавек кажа, што там і праўда крычаць, адчуваю палёгку. Але калі ён кажа, што ўсё ціха, становіцца не па сабе.
Думаю, што псіхалагічна я спраўлюся сама, але хочацца, каб гэтага жаху стала ў маім жыцці менш.
Спачатку не расказвала пра гэта ўсё бацькам, каб не хваляваць. І калі тата прыехаў пасля сустрэчы з судовымі выканаўцамі, у яго рукі трэсліся, пытаецца, што здарылася. Я расказала, і мне стала лягчэй.
Тата абняў, сказаў, што мы з усім справімся, усё будзе добра. Падтрымка блізкіх ратуе.
Што напісана ў пастанове суда
Паводле пастановы суддзі Аляксея Іршына, Крысціна каля 23 гадзін 10 жніўня была каля гімназіі №6 у стане алкагольнага ап’янення, прымала актыўны ўдзел у сумеснай прысутнасці грамадзян у загадзя вызначаны час і месцы, публічна выказвала незадавальненне ўладай і парадкам правядзення выбараў.
А ў 23:05 адмовілася выконваць неаднаразовыя законныя і відавочныя патрабаванні супрацоўніка міліцыі Аляксея Кафанава спыніць супрацьпраўныя дзеянні і пакінуць плошчу, крычала і адмахвалася, упіралася рукамі і нагамі, чым здзейсніла непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы.
Якім чынам Крысціна, знаходзячыся каля шостай гімназіі ў паўкіламетры ад Цэнтральнай плошчы, павінна была яе пакінуць, судовая пастанова не тлумачыць.
Паводле пастановы, маладзечанка ў судовым пасяджэнні прызнала віну. Пастанова не абскарджаная і не апратэставаная, уступіла ў законную сілу 22 жніўня.