17 ліпеня 1918 году бальшавікі расстралялі сям’ю апошняга імператара Расіі
2021-07-17 12:23
Парэшткі царскай сям’і былі знойдзены яшчэ ў 1979 годзе.
Пасля свайго адрачэння ад прастолу імператар Мікалай ІІ знаходзіўся ў Царскім Сяле. Пазней Часовы ўрад вырашыў перавезці сям’ю імператара ў Табольск, дзе ён знаходзіўся да прыходу бальшавікоў да ўлады.
Кіраўніцтва бальшавікоў, баючыся што імператар можа ўцячы, вырашылі ўзмоцніць рэжым утрымання, таму было прынятае рашэнне перавесці Мікалая ІІ спачатку ў Екацярынбург, а пазней у Маскву. Згодна з некаторымі сведчаннямі Мікалая збіраліся забіць падчас пераезду з Табольска, нібы за спробу ўцёкаў.
Рашэнне аб расстрэле ўсёй сям’і Раманавых было прынята Уральскім абласным саветам бальшавікоў у сувязі з тым, што да Екацярынбурга, дзе ў той момант пад арыштам знаходзілася сям’я Мікалая ІІ падыходзілі «белачэхі». Аднак, няма ніякіх падставаў думаць аб тым, што гэтага рашэння не падтрымаў яшчэ загадзя Ленін і ягоныя памагатыя. Хаця з іншага боку, даследчыкі мяркуюць, што такое рашэнне магло быць прынятае толькі Уральскім камітэтам. Трэба разумець, што ў той час бальшавіцкая ўлада не была цэнтралізаваная.
У красавіку 1918 году, калі Мікалай прыбыў у Екацярынбург, то цара і ягоную сям’ю сабраўшыся на чыгуначным вакзале натоўп быў гатовы разарваць.
Паміж канвоем і мясцовымі бальшавікамі ледзь не пачалася перастрэлка. Сям’ю Мікалая размясцілі ў Доме спецыяльнага прызначэння, асабняку, які бальшавікі рэквізавалі ад вайсковага інжынера ў адстаўцы М. М. Іпацьева. Ноччу бальшавікі, якія ахоўвалі Іпацьеўскі дом -вязьніцу царскай сям’і, папрасілі Раманавых і ягоных слуг спусціцца ў падвал. Там арыштаваным быў прачытаны прыгавор, пасля чаго бальшавікі пачалі страляць у сабраных.
А першай гадзіне ночы расстрэл скончыўся, у ім удзельнічала 9 чалавек, камандаваў расстрэлам Якаў Юроўскі.
У Іпацьеўскім доме былі расстраляны Мікалай ІІ Раманаў, ягоная жонка Аляксандра Фёдараўна, дзеці Вольга, Таццяна, Марыя, Анастасія і Аляксей. Таксама доктар Боткін, повар Харытонаў, камердынер Алаізій Труп, пакаёўка Ганна Дзямідава. Целы забітых скінулі ў калодзеж, засыпалі вапнай і закапалі.
Парэшткі царскай сям’і былі знойдзены яшчэ ў 1979 годзе пры раскопках, але было загадана іх закапаць.
Што цікава, у 1975 годзе Палітбюро прыняло рашэнне аб разбурэнні Іпацьеўскага дому. Першым кіраўніком абкома Партыі Свярдлоўскай вобласці (горад Екацярынбург быў перайменаваны ў Свярдлоўск) быў Барыс Ельцын. У 1991 годзе пошукі царскай сям’і ўзнавіліся. Было пацверджана, што адшуканыя астанкі гэта прах Раманавых. У 2000 годзе ўся сям’я была кананізаваная.
Я. Юроўскі, арганізатар расстрэлу, доўгі час працаваў у органах ЧК і памёр у 1938 годзе ад язвы страўніка.
Павал Усаў