16 жніўня – гадавіна самага масавага маршу ў гісторыі Беларусі
2021-08-16 22:00
Было мноства крэатыўных плакатаў, белае і чырвонае адзенне, вялізныя бел-чырвона-белыя сцягі паўсюль, усе адчувалі адзінства і ўзнёсласць моманту.
Гэта была нядзеля 16 жніўня 2020 года. Вялізныя калонны людзей з усіх куткоў Мінска рухаліся да стэлы «Горад-герой». Пратэстуючыя тады занялі ўвесь цэнтр горада. Бадай што, самы масавы марш у сталіцы Беларусі. Было мноства крэатыўных плакатаў, белае і чырвонае адзенне, вялізныя бел-чырвона-белыя сцягі паўсюль. Усе адчувалі адзінства і ўзнёсласць моманту.
Сілавікі, здавалася, прыціхлі і не чынілі перашкодаў. Стаміліся, мабыць, пасля першых трох дзён жудасных разгонаў, страляніны, збіцця і катаванняў у дачыненні тых, хто не пагадзіўся з фальсіфікацыямі падчас прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня.
Тры чорныя дні сілавікі білі і хапалі людзей. Тады загінулі першыя ахвяры барацьбы за свабоду. Дагэтуль не абвергнута інфармацыя пра больш за сто зніклых без вестак у першыя дні. Тады ж узняўся вялізны валанёрсці рух і людзі змаглі хутка знаходзіць сваіх за кратамі. Некалькі разоў перад удзельнікамі маршу 16 жніўня выступіла Марыя Калеснікава.
Той дзень скончыўся вялікім мітынгам і канцэртамі на плошчы Незалежнасці. Пасля чаго людзі прыбралі за сабой усё смецце.
Спецыяльна для Беларускай службы Польскага радыё, Казімір Шчадковіч, Мінск