15 журналістаў праходзяць падазраванымі ў крымінальных справах, 9 зь іх — у СІЗА
2021-01-15 14:58
Беларускія журналісты выступілі зь відэазваротам аб непрымальнасьці гвалту, крымінальных і адміністрацыйных справаў супраць калег.
Праца журналістаў у Беларусі ў поствыбарчы пэрыяд у 2020 годзе стала практычна немагчымай: затрыманьні, пазбаўленьне акрэдытацый і статусу СМІ, зьбіваньне і крымінальныя справы. Стваральнікі відэа адзначылі, што ў роліку сабралі толькі частку гісторый, якія цяпер перажываюць незалежныя мэдыя Беларусі.
Больш за ўсё затрыманьняў рэпартэраў прыпала на жнівень — 160, а 97 разоў яны адбывалі адміністрацыйныя арышты. 9 прадстаўнікоў СМІ на гэты момант у СІЗА у крымінальных справах, усяго справы завялі на 15 журналістаў.
62 журналісты пацярпелі ад гвалту сілавікоў.Сваёй гісторыяй на відэа падзяліўся і журналісты Радыё Свабода, якія зазналі рэпрэсіі. Алег Грузьдзіловіч прыгадаў, як яго без тлумачэньня прычынаў пазбавілі акрэдытацыі, а затым адправілі ў баранавіцкі ізалятар на 15 дзён, дзе ён падхапіў каранавірус і двухбаковую пнэўманію.
Андрэй Рабчык паведаміў, што яго затрымлівалі 4 разы, прычым як пасьля выбараў, так і да іх. Яго таксама пазбавілі акрэдытацыі.
Журналісты патрабуюць неадкладна вызваліць прадстаўнікоў мэдыя і палітвязьняў, спыніць іх перасьлед, прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у парушэньні правоў журналістаў і іншых грамадзян.
Відэа Tut.by