10 кастрычніка на Еўрарадыё — анлайн-фестываль “Рок за жыццё”
2020-10-10 18:55
Фестываль “Рок за жыццё. Музыкі за ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне” сёлета праходзіць у анлайн-фармаце. 10 кастрычніка — Міжнародны дзень супраць смяротнага пакарання.
А 19-й на адной сцэне ў двухгадзінным канцэрце збіраюцца топавыя беларускія гурты і выканаўцы: NIZKIZ, “Дай Дарогу!”, “Петля Пристрастия”, Лера Яскевіч, Уладзімір Пугач, Tor Band і “Разбітае Сэрца Пацана”.
У госці на канцэрт завітаюць праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Андрэй Палуда, плыўчыха Аляксандра Герасіменя, паэт Андрэй Хадановіч, амбасадар Швейцарыі Клод Альтэрмат і іншыя.
Трансляцыя стартуе ў 19:00 на YouTube-каналах Еўрарадыё і радыё "Свабода", а таксама ў іншых сацсетках. Плэер з'явіцца на гэтай старонцы крыху пазней.
Фестываль “Рок за жыццё” адбываецца ўжо ў пяты раз у межах Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, які сёлета праходзіць пад слоганам “Смяротнае пакаранне — элемент сістэмы гвалту”.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе прымяняецца смяротнае пакаранне. Смяротныя прысуды працягваюць выносіцца, і іх працягваюць выконваць. І цяпер у камерах смертнікаў у СІЗА №1 знаходзяцца людзі, прысуджаныя да смяротнага пакарання.