- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Валянціна Аксак паходзіць зь вёскі Смалічы, што на Нясьвіжчыне. Вяртаньне ў Смалічы з усіх жыцьцёвых вандровак сталася лейтматывам ейнае чацьвёртае паэтычнае кніжкі. “Віно ў жыцьці – ня ўсё, але жыцьцё безь віна – нішто” – гэта ня толькі французскае выслоўе, але і эпіграф, які абрала Валянціна Аксак да сваёй кнігі “Віно з Каліфорніі”. І хто не пагодзіцца з ім? Каб жыцьцё ня сталася “нічым”, віно п’юць і ў Гётэборгу, і ў Вільні, і ў Варшаве. П’е яго там і лірычная гераіня Валянціны Аксак. Але ж нават віно з Каліфорніі ў цягніку “Прага-Менск” “расструменьвае пах // маладзенькіх клянкоў, // што чакаюць мяне ў Смалічах”. Як не пагадзіцца, што адно віно павінна быць старым, уздымаючы тост за каханьне альбо за любоў.