- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Ноччу глядзела на зорнае неба і думала, што, магчыма, душы памерлых людзей знаходзяць свой прытулак на далёкіх планетах, якіх мільярды мільярдаў, дзе няма войнаў і пакут, дзе ўсім хопіць месца. Хацела пабачыць у сне бацьку, бо 18 жніўня – дзень яго смерці, а прысніўся ўлюбёны акцёр Алег Янкоўскі. Магчыма, такім чынам тата намагаўся перадаць мне сваё прывітанне... Раней з бацькам мы часта глядзелі на зоркі й размаўлялі пра тое, што, магчыма, недзе на далёкіх планетах жывуць разумныя істоты і вось так, як і мы, у тое ж самае імгненне, стаяць, задраўшы галовы, і глядзяць на нас. Мы для іншапланецян – зоркі, свет ад якіх ідзе нават тады, калі іх саміх ужо няма... Мой тата быў летуценнікам. Рамантычная і мройная я менавіта ад бацькі, які захапляўся фантастыкай, легендамі й міфамі, усялякімі дзіўнымі прыроднымі з’явамі і трохі містыкай. Яго прафесія была абсалютна зямной і празаічнай – інжынер-будаўнік, хоць і скончыў лясны тэхнікум. Калі б бацька стаў ляснічым, як мой дзед і прадзед, то, магчыма, я б нарадзілася ў вёсцы, паблізу лесу, як усе мае продкі, а не ў Полацку. Люблю Полацк, але заўсёды цягне да лесу, мабыць, завуць гены. Лес – лёс... (фрагмент)