- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Ад мяжы XV–XVI стст., калі музеі як тыпалагічна аформленая з’ява паўсталі ў еўрапейскіх краінах, да сённяшнаяга дня музейныя зборы застаюцца ўніверсальным інструментам пазнання часу і навакольнага свету. Вельмі характэрная назва першых невялікіх італьянскіх збораў, змешчаных у кабінеты для заняткаў і роздумаў – «студыёла» (studiolo). Што розніцы, калі класічныя кунсткамеры – узгадаем таксама гэтую пашыраную назву – аб’ядноўвалі розныя па характары зборы, творы чалавечых рук і натхнення і стварэнні прыроды пад адным дахам, а сучасныя кунсткамеры з’яўляюцца аб’яднаннямі разнастайных згодна профілю музейных інстытуцыяў пад адной шыльдай. Прыгадаем больш за дваццаць разнастайных буйнейшых амерыканскіх музеяў, злучаных у структуру Smithsonian Institution. Беларускі збіральніцкі рух істотна не спазняўся ў параўнанні з падобнымі ініцыятывамі еўрапейскіх суседзяў. Справа рухалася коштам намаганняў вялікакняскай і магнацкіх сем’яў. Вялікія калекцыі Жыгімонта Аўгуста ў Вільні, уключаючы бібліятэку і зборы мастацкіх тканінаў, не горшыя па якасці набыткі Мікалая Радзівіла Чорнага і ягонага сына Мікалая Хрыстафора Сіроткі ў Нясвіжы распачынаюць гісторыю беларуска-літоўскага прыватнага калекцыянавання.