- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Дзясятая бальніца, гінекалагічнае аддзяленне, часова аддадзенае, як і многія з іншых, пад наплыў хворых на COVID. Адзінаццаць палат, набітых да адказу, дзве з іх пераабсталяваныя ў рэанімацыю: бясконца гудуць апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх — піў, піў, піў, пляўмб, піў, піў піў, пляўмб. Адна з палат мае тры жыццядайныя крыніцы кіслароду: дзве паасобку і адна беражліва падзеленая на два ложкі — так атрымліваецца выратаваць ужо чатыры душы… Кісларод тут — жыццё. Яго не хапае, яго вымяраюць кожныя паўгадзіны спецыяльным прыборчыкам, насадзіўшы на палец (раней пра такія ніхто не чуў, а зараз інтэрнэт-крамы прапануюць на любы густ і кошт): шчоўк — 97! Ты шчасліўчык, твой арганізм кіслароданезалежны нават пры вірусе. Не — ты хворы, ты не здольны нармальна дыхаць, але твой арганізм выпрацоўвае неабходную колькасць кіслароду, нягледзячы на перашкоды. Шчоўк — 90, 89, 76… Катастрофа! Чалавечы мозг не здолен працаваць у такім жорсткім кіслародным голадзе. Трэба даць падыхаць — а крыніц такога кіслароду ў аддзяленні няма. Бываюць яшчэ кіслародныя міні-балонікі, як у аўтамабілях хуткай дапамогі. Чамусьці ў стацыянары такіх не прадугледжана. (фрагмент)