Беларускае дакументальнае кіно завітае ў Бельск-Падляшскі
2022-01-21 18:57
Гэта будзе толькі першая спроба, а ў далейшых планах – стварэнне ў горадзе Цэнтру паказаў беларускіх фільмаў.
Пра гэта размаўляем з нашым сённяшнім госцем. Дырэктар фестываляў беларускага кіно bulbamovie Януш Гаўрылюк.
РР: Пачнем можа з падзеі, якая адбудзецца 23 студзеня, гэта нядзеля, у Бельску-Падляшскім. Гэта падзея звязаная менавіта з кіно. Што гэта будзе?
– Я адразу з Бельска-Падляшскага, з майго роднага гораду запрашаю на сустрэчу з беларускім кіно, А таксама жыхароў, якія даўно з’ехалі з Бельска, але не забыў пра свой горад, ці калі даведаўся год таму, што ў Бельску, дзе я быў выхаваны на мясцовым кінатэатры «Зніч», які ўжо разбураны некалькі гадоў, зноў пабудаваны новы сучасны кінатэатр. Канешне, варта было бы вярнуцца да свайго гораду ў кіношным плане, і я думаю, што гэта атрымаецца ўжо 23 студзеня. Мы дамовіліся з кіраўніком кінатэатру Маркам Уладзіміровым, што спрабуем зрабіць першы паказ фільмаў у рамах фестывалю bulbamovie, які мы правялі ў Варшаве 7 раз у лістападзе мінулага году. Пакажам дзве дакументальныя стужкі, паглядзім, колькі людзей прыйдзе, ці будзе зацікаўленасць. Пасля фільму будзе размова, я буду госцем, Марк Уладзіміраў будзе весці. Яшчэ будзе другі госць, з Варшавы. Цяпер дакладна не магу сказаць хто, але, напэўна хтосці з польскіх журналістаў, якія займаюцца Беларуссю.
РР: А якія фільмы бралі для гэтага паказу?
– Я выбраў два фільмы, якія мы паказвалі на bulbamovie. Тых фільмаў было шмат, а нам было трэба скласці праграму на паўтары гадзіны, таму я вырашыў на пачатку паказаць фільмы, якіх сюжэт адбываецца да выбараў 2020 года у Беларусі, калі паўсталі гэтыя вялізарныя грамадскія пратэсты. Адзін з іх – гэта фільм Максіма Шведа «Маршрут перастроены», у якім два героі таксісты. Адзін таксіст з Менска, другі з Баранавічаў. Яны возяць людзей, і размаўляюць з імі. Гэта адбываецца месяц да выбараў. Я думаю, што прыгода гэтых людзей, падарожжы па дзвух беларускіх гарадах, нашмат больш распавядае, чаму дайшло да такіх пратэтаў, і што беларусы думалі пра гэта, чым нейкія навуковыя даследванні. Думаю, што гэта варта буде паказаць жыхарам Бельска, якія жывуць недалёка.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара