Перапіс выклікаў хвалю абурэння

Перапіс выклікаў хвалю абурэння


Першыя дні Агульнанацыянальнага перапісу насельніцтва выклікалі хвалю абурэння сярод беларусаў, якія хацелі прайсці гэтую працэдуру праз інтэрнэт.

Сайт не працаваў і быў аформлены на расейскай мове. Падчас перасылкі тэкставых паведамленняў Нацыянальны статыстычны камітэт карыстаўся выключна расейскай мовай.

Кажуць гарадзенцы:

– Падчас мінулага перапісу большасць беларусаў назвала сваёй мовай беларускую. Таму я лічу, што гэтыя смскі павінны быць на двух мовах.

– Канешне гэта жах – удзельнічаць у перапісе я буду толькі з адной мэтай, каб пазначыць сваёй мовай беларускую.

– Для мяне самае зручнае – гэта ў інтэрнэце.

– Буду ўдзельнічаць у перапісе, калі ўсё ж такі атрымаецца зайсці на сайт і прайсці гэта праз інтэрнэт, то канешне, натуральна.

Частка грамадзян мяркуе, што ўдзел у перапісе толькі на руку аўтарытарнай уладзе. Бо вынікі могуць быць фальсіфікаваныя, мяркуе гарадзенец Дзяніс:

– Мая сям’я вырашыла не ўдзельнічаць у перапісе, бо няма даверу да вынікаў гэтай перапісной кампаніі, як у прынцыпе да любых дзяржаўных ініцыятываў. За чвэрць стагоддзя ўжо сфармавана і ўдасканалена сістэма маштабных фальсіфікацый. Дзяржаўныя органы будуць выкарыстоўваць вынікі гэтага так званага перапісу ў сваіх мэтах.

Агульнанацыянальны перапіс насельніцтва Беларусі будзе праходзіць да 30-га кастрычніка. Ён ажыццяўляецца праз інтэрнэт, перапісчыкамі і ў адмысловых пунктах.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя