Люцыя Німяровіч: Наш садок адзіны не толькі ў Беластоку, але і ва ўсёй Польшчы

Люцыя Німяровіч: Наш садок адзіны не толькі ў Беластоку, але і ва ўсёй Польшчы


На працягу 25 гадоў дзіцячы садок № 14 у Беластоку гасцінна адчыняе свае дзверы для бацькоў і дзяцей, якія хочуць вывучаць беларускую мову.

Ходзяць у садок не толькі маленькія жыхары Беластоку. Многіх бацькі прывозяць кожную раніцу з ваколіц, бо пакуль дзіцячы садок № 14 – гэта адзіная мажлівасць для дашкольнікаў чуць беларускую мову кожны дзень.

Пра штодзённае жыцце і святы у дзіцячым садку, пра планы на будучыню і пра сакрэты поспеху дырэктарка Люцыя Німяровіч расказвае Ганне Комінч.

РР: Ваш дзіцячы садок – гэта адзіны садок у Беластоку, у якім вывучаецца беларуская мова. Колькі гадоў вы гэта робіце?

– Не тольку ў Беластоку, але і ва ўсё Польшчы. Мы збіраем дзяцей беларускай меншасці. А цяпер і беларусаў, якія прыязджаюць з замежжа, яны цяпер да нас вельмі ахвотна прыходзяць. І мы працуем ужо многа гадоў. У 1995-ым годзе мы пачалі працу. Я прыйшла ў 2002 годзе і працую з таго часу як дырэктар. Для мяне гэта файнае месца, дзе вельмі добра мне працуецца. Штодзень ёсць усмешка, радасць. Дзеці вельмі добрыя. І думаю, што працаўнікі і настаўніцы таксама задаволеныя.

РР: Ваш дзіцячы садок карыстаецца ў бацькоў вялікай папулярнасцю, і бацькі хочуць аддаваць сюды дзяцей, і яны шкадуюць, калі дзець вырастаюць і сыходзяць з садка ў школу. Садок – гэта перш за ўсё людзі. Як так здарылася, што падабраўся такі добры калектыў?

– Думаю, што проста ўсе стараюцца. Калі ёсць праблемы, мы іх вырашаем супольна. Думаю, што бацькі таксама вельмі добрыя партнёры нам. Мы супрацоўнічаем з імі. І ў гэтым наш поспех.

РР: На ніве вывучэння беларускай мовы ў садку якія ў вас ёсць поспехі?

– Нашыя дзеткі актыўна бяруць удзел у конкурсах. У нас ёсць такі калектыў «Вясёлка». У ім спяваюць дзеткі. Заўсёды спяваюць старэйшыя, таму што яны адважнейшыя, гэта 5-6-годкі. І яны бяруць удзел у многіх конкурсах, у нашым горадзе і ў нашым ваяводстве. Таксама ўдзельнічаем ў конкурсах, калі нас запрашаюць другія садкі або школы, калі яны хочуць пабачыць другую культуру, культуру меншасцяў, якія жывуць на Беласточчыне. І гэта нас вельмі цешыць.

З дырэктаркай дзіцячага садка № 14 у Беластоку Люцыяй Німяровіч размаўляла Ганна Комінч

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя