Літаратурная прэмія Гедройца цяпер будзе ўручацца ў чэрвені

Літаратурная прэмія Гедройца цяпер будзе ўручацца ў чэрвені


Арганізацыйны камітэт літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца зрабіў некаторыя змены ў палажэнні прэміі - павялічыў тэрмін знаёмства з кнігамі-прэтэндэнтамі сябрамі журы.

Цяпер імпрэза ўзнагароджання будзе адбывацца ў чэрвені, кажа сталы сябра журы прэміі эсэіст і філосаф Валянцін Акудовіч:

- Тэрмін падачы кніг – усё роўна застаецца да Новага года. Але расцягнуты працэс чытання. І ўзнагароды будуць уручацца ў чэрвені, каб нам было спакайней чытаць. Такім чынам, усё роўна гэта павінны быць кнігі за гэты год.

Літаратурная прэмія Гедройца прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу, якая была выдадзеная на беларускай мове ў жанрах "мастацкая проза”, "эсэістыка”. Сярод узнагародаў - магчымасць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпендыі і запрашэнні ў еўрапейскія дамы творчасці.

Заснавальнікамі літаратурнай ўзнагароды выступілі Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Менску, Беларускі ПЭН-цэнтар і Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя