Гары Паганяйла: Нацыянальны архіў не дае дадзеных па рэпрэсаваных

Гары Паганяйла: Нацыянальны архіў не дае дадзеных па рэпрэсаваных


Грамадзяне Беларусі, якім Нацыянальны архіў не дае дадзеных па рэпрэсаваных сваяках, маюць права звяртацца ў суд, паколькі дзяржаўная ўстанова не тлумачыць прычынаў і законных падставаў адмовы ў даванні такой інфармацыі.

Юрыст Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла адзначае, што з 2017 года выдача звестак прыпыненая з невядомых прычын.

– Адказы Нацыянальнага архіва розныя, камусьці выдавалі карткі. З 2017-18 гг. перасталі выдаваць вось гэтыя электронныя звесткі з базы дадзеных, кагосьці адпраўляюць у мясцовыя КДБ, мясцовыя органы ўнутраных спраў, дзе на захаванні знаходзяцца канкрэтныя матэрыялы. Вельмі шмат звестак увогуле няма, ні ў базе дадзеных, ні магчымасці атрымаць у КДБ. Таму што КДБ можа ўказаць таксама, што ў іх няма гэтых матэрыялаў, хоць у іх фактычна ёсць. І як праверыць, ці ёсць яны або няма?

Пакуль усе звароты грамадзян да Нацыянальнага архіва не дазволілі атрымаць тлумачэння прычын. Гары Паганяйла называе адказы архіва адпіскамі і кажа, што далейшыя звароты шэрагу грамадзян у суд паспрыяюць рашэнню праблемы. Юрыст падкрэсліў, што ўсе суседзі Беларусі свабодна даюць архіўныя звесткі пра рэпрэсаваных у савецкі час, і толькі беларуская дзяржава спрабуе прыхаваць інфармацыю.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя