Польшча абмяжоўвае перамяшчэнне грамадзян у сувязі з эпідэміяй каронавіруса

Польшча абмяжоўвае перамяшчэнне грамадзян у сувязі з эпідэміяй каронавіруса


У Польшчы ўводзяць новыя абмежаванні ў сувязі са станам эпідэміі каронавіруса ў краіне. На гэты момант колькасць заражаных асоб набліжаецца да васьмісот, а колькасць памерлых складае дзевяць чалавек.

Сёння адбылося пасяджэнне ўрадавай групы па крызісных сітуацыях, па выніках якога прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі на прэсавай канферэнцыі абвясціў пра ўвядзенне новых абмежаванняў:

– Перад намі вельмі цяжкая фаза, бо новыя абмежаванні будуць тычыцца кожнага з нас, нашага штодзённага жыцця. Гэта рашэнне неабходнае, каб максімальна абмежаваць нашую актыўнасць.

Як тлумачаць улады, усе абмежаванні скіраваныя на тое, каб расцягнуць колькасць заражэнняў каронавірусам у часе, што дае найперш магчымасці працаваць сістэме аховы здароўя. Міністр аховы здароўя Польшчы Лукаш Шумоўскі патлумачыў, што абавязвае забарона выходзіць з дому за выключэннем некаторых выпадкаў:

– Калі ідзём на працу, у краму, аптэку, да лекара, ці тэлефануем да лекара – бо стараемся тэлефанаваць, а не ісці да яго. Такія неабходныя сітуацыі, як выгул сабак ці прагулка, якая патрэбная для нашага псіхічнага здароўя. Але гэта не азначае, што мы можам збірацца на плошчах, хадзіць на дзіцячыя пляцоўкі з дзецьмі, хадзіць на пікнікі са знаёмымі.

За неабгрунтаванае парушэнне ўведзеных абмежаванняў пагражае штраф у памеры 5000 злотых. Раней за парушэнне ўмоваў знаходжання на каранціне ўвялі штраф памерам 30 тысяч злотых. Новыя абмежаванні ўводзяцца з 25 сакавіка па 11 красавіка ўключна. Пры гэтым паведамляецца, што раней уведзеныя ў сувязі з эпідэміяй абмежаванні таксама застаюцца ў сіле.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя 

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя