Відэавіншаванне з Днём паэзіі ад сябраў СБП Гародні

Відэавіншаванне з Днём паэзіі ад сябраў СБП Гародні


Для гэтага сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў Гародні выбралі музычны варыянт віншавання.

Бо пры абласной суполцы СБП дзейнічае музычны гурт „N.Z.-Harodnia” (Novy Zamak-Harodnia) аднайменны літаратурнаму альманаху.

Кажа ўдзельнік гурта і галоўны рэдактар альманаху Янка Трацяк:

– Мы вырашылі зрабіць маленечкае такое віншаванне ў сувязі з выхадам “Новага Замка” . І зрабіць гэтае віншаванне праз свой гурт. Так атрымалася, што людзі ў нашым Саюзе не толькі пішуць, а яшчэ ўмеюць гаварыць, спяваць і граць. І болей таго, яшчэ ўмеюць пісаць вершы, якія цудоўна кладуцца на музыку.

Эпідэмія каронавіруса вымусіла літаратараў пайсці на такі спосаб прэзентацыі свайго новага альманаху для прыцягнення да яго выхаду чытачоў і гледачоў. Пакуль што ёсць анлайн-магчымасць для шырокага кола прачытаць ці ня ўсе нумары гадавіка „Новы Замак”. Кажа Янка Трацяк.

– Зараз кінулі на два сайты: Kamunikat.org і Рawet.net нашы папярэднія нумары – з другога па сёмы нумары. Новы нумар мы пакуль што не скідваем, але ўжо недзе па восені мы зробім варыянт электронны, бо тыраж вельмі маленькі “Новага Замку” на гэты раз. У ім ёсць што чытаць, вельмі цікавы па змесце.

У відэавіншаванні літаратары згадалі гледачам, што вартасці прыгожага беларускага слова заўсёды ідуць з ідэяй палітычнай самастойнасці беларускай нацыі.

Таму апошняя песня гурта „N.Z.” датычыла Дня Волі, з якім таксама віншуюць гарадзенскія сябры Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

У складзе музычна-літаратурнага гурта граюць: Валянцін Дубатоўка (бас-гітара, музычны кіраўнік), Янка Трацяк (баян), Віктар Сазонаў (рытм-гітара) і Уладзімір Хільмановіч (сола-гітара).

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя