Айцец Анатоль Ненартовіч: Фестываль гэтае тое, што яднае людзей

Айцец Анатоль Ненартовіч: Фестываль гэтае тое, што яднае людзей


З 17-га па 21 лютага ў Гародні пройдзе вялікі музычны фэст, які мае міжнародны статус.

Ужо дзевятнаццаты раз харавыя калектывы паўдзельнічаюць у конкурсных праграмах у рамках фестывалю праваслаўных спеваў „Каложскі дабравест”. Ён арганізуецца з ініцыятывы Гарадзенскай праваслаўнай епархіі. У гэтым годзе колькасць удзельнікаў фэсту пашырыцца геаграфічна.

Кажа пра маючы прайсці фэст адмысловы госць Рацыі – сакратар Гарадзенскай праваслаўнай епархіі айцец Анатоль Ненартовіч, з якім гутарыць наш карэспандэнт Якуб Сушчынскі.

Айцец Анатоль Ненартовіч: Вельмі прыемна, што сёння нашая размова пойдзе пра фестываль, які стаў міжнародным фестывалем праваслаўных песнапенняў “Каложскі Дабравест”.

РР: Можам паглядзець на рэтраспектыву на амаль 20 гадоў існавання гэтага фэсту. За гэты час ён вельмі істотна пашырыўся – як удзельнікамі, так і праграмай. З якімі цяжкасцямі вам даводзілася сутыкацца, бо гэта ж не дзяржаўная ініцыятыва? Гэта ініцыятыва Царквы. І таму, я думаю, што існавалі розныя цяжкасці. Чаго здолелі асягнуць, а чаго не здолелі?

Айцец Анатоль Ненартовіч: Калі паглядзець на гісторыю ўзнікнення самога фестывалю, канешне можна ўспомніць і цяжкасці, з якімі сутыкаліся амаль увесь час правядзення яго. Але ж чалавек такая істота, якая хутка забывае пра ўсе складанасці, выпрабаванні, і ўсё ж такі тую радасць, тую, што дае сама праца над фестывалем, людзі, якія прыязджаюць да нас у госці, тыя калектывы, сотні калектываў, тысячы людзей, якія дзеляцца сваімі ўражаннямі, якія маюць магчымасць паказаць сваю культуру, паказаць культуру праваслаўя, спеваў, я думаю, гэта як раз тое, дзеля чаго прыкладаюцца вялікія намаганні, у першую чаргу мноства тых людзей, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы кожнага фестывалю, які праходзіць. Вось ужо 19-ы фестываль, і калі ўспамінаць 2002 год, то, безумоўна, тая ініцыятыва, якая з’явілася ў Царкве, а яна менавіта з’явілася з царкоўнага кліраса, таму што першым дырэктарам фестывалю стаў Уладзімір Сяргеевіч Лябедскі, які тады быў як раз удзельнікам хора царквы Сабора Усіх Беларускіх Святых. Ён прапанаваў мне, тады яшчэ маладому сакратару епархіі, каб мы ў Гародні, на ўзор фестывалю, які праводзіцца ў Польшчы ў Гайнаўцы, або ў нас у Менску, таксама пачалі праводзіць тут у Гародні.

РР: Балазе Гародня – гэта менавіта той горад, у якім дастаткова шмат музычных навучальных устаноў, гэта значыць, што ёсць шмат калектываў, ёсць даўняя харавая традыцыя. Увогуле гарадзенскія калектывы істотна адрозніваюцца ад іншых? Ці ёсць нейкая свая адметная школа?

Айцец Анатоль Ненартовіч: Цяпер, думаю, яшчэ складана гаварыць пра сваю адметную школу, менавіта гарадзенскую. Хаця я думаю, што з таго моманту, калі Царкава пачала адраджацца, у 90-ыя гады, Гарадзенская епархія паказала як раз прыклад такой ініцыятывы, якая выходзіла з музычных колаў. На клірас прыйшлі людзі, якія ў першую чаргу былі прафесіяналы музыкі. Мелі добрую адукацыю. І вось адным з галоўных было – каб Царкава змагла людзям даць магчымасць праявіць свой талент, сваю адукацыю, менавіта ў царкоўным асяроддзі. Таму што мы калі праводзім нейкія падзелы паміж свецкімі, царкоўнымі людзьмі, то мы забываем, што гэта ўсё ж такі нашыя людзі, якія жывуць разам, працуюць разам і моляцца разам. Таму, я думаю, што тут цяжка правесці нейкую рысу цяпер, або падзел, і як раз такі, я думаю, што фестываль гэта тое, што яднае музыкаў, прафесіяналаў, людзей царкоўных, каб адрадзіць гэты вялікі пласт царкоўнай культуры, які мы амаль страцілі.

Размаўляў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя