Гарадзенскі Дзень Волі – 21 сакавіка ў выглядзе гарадскога свята

Гарадзенскі Дзень Волі – 21 сакавіка ў выглядзе гарадскога свята


Грамадскія актывісты Гародні плануюць правядзенне 21 сакавіка 2020 году, за дзень да мерапрыемстваў у Менску, вялікага фэста, прысвечанага Дню Волі.

Пра запланаваныя мерапрыемствы распавядае намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:

– Гэта будзе як раней. Будзе гандлёвы кірмаш, будзе пляцоўка, дзе можна будзе падсілкавацца, будзе, безумоўна, сцэна, на якай будуць выступы – як палітычныя, так і гуртоў. Будзе дзіцячая пляцоўка. Мы гаворым пра тое, што хацелі б бачыць канструктараў, фотазону, ціры. Ну і, безумоўна, запрашаем усіх крэатыўных людзей і ўсе крэатыўныя пляцоўкі горада і Беларусі далучацца.

На думку прадстаўніка БХД Сяргея Верамеенкі, Дзень Волі мусіць стаць агульна гарадскім святам.

– Я мяркую, што Дзень Волі – гэта менавіта тое свята, якое павінна стаць для беларуса адным з самых галоўных у яго жыцці і ўвогуле ў нашай гісторыі. Таму прапаную ўсім ахвотным прыходзіць і прымаць удзел у нашым свяце ў любой якасці. Таксама прапаную і запрашаю прыходзіць да нас са сваімі ідэямі і са сваімі актыўнасцямі.

Сярод заяўнікаў гарадзенскага Дня Волі – прадстаўнікі розных палітычных партый, грамадскія актывісты. Заяўка на правядзенне свята ў Гародні будзе пададзена 19 лютага, і адразу распачнецца збор грошаў на правядзенне гэтага свята.

Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя