Павел Левінаў: “Шэры Кот” стаў ахвярай рэпрэсіўнага заканадаўства

Павел Левінаў: “Шэры Кот” стаў ахвярай рэпрэсіўнага заканадаўства


Аршанскі блогер Дзмітрый Казлоў, вядомы пад нікам “Шэры Кот”, мае адбыць за кратамі 45 сутак арышту.

Хаця, у адпаведнасці з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністратыўных правапарушэннях пакаранага нельга змяшчаць пад арышт больш як на 25 сутак.

Але судовая сістэма пайшла на хітрасць, каб пакараць хлопца як мага больш жорстка, тлумачыць віцебскі праваабаронца Павел Левінаў:

– 15 сутак у цябе сканчваюцца, ты па дакументах вызваляешся, і цябе нават могуць выпусціць за браму. Але праз хвіліну затрымаць, і зноўку ІЧУ. Калі так дзейнічаць, то чалавек і цэлы год можа адседзець бязвылазна за адміністрацыйныя правапарушэнні.

Праваабаронца кажа, што якраз цяпер грамадзяне Беларусі могуць паўплываць на сітуацыю, каб падобнага не здаралася. Зараз ідзе збор прапановаў па зменах у адміністрацыйнае заканадаўства, і змены могуць прапанаваць не толькі службовыя асобы або дзяржаўныя органы, але і простыя людзі. Да 25 студзеня гэтага году кожны можа даслаць сваю прапанову.

Паколькі Дзмітрый Казлоў не мае блізкіх сваякоў, інфармацыю пра суды, пастановы і ўмовы ўтрымання атрымаць праблематычна: відэаблогер не паспеў распавесці ў сацыяльных сетках, колькі адміністрацыйных пратаколаў на яго складзена. Вядома, што першыя два арышты яму былі прысуджаны за ўдзел у менскіх акцыях супраць паглыбленай інтэграцыі, а трэцяя і апошняя пастанова ад 13 студзеня вынесена за заклікі да ўдзелу ў акцыі, якая прайшла ў Менску 29 снежня.

Як можна падтрымаць хлопца, які ўпершыню трапіў пад адміністрацыйны пераслед і адразу так сур’ёзна? Не толькі харчовымі перадачамі, але і ліставаннем, лічыць Павел Левінаў:

– Калі ты атрымліваеш у дзень па некалькі лістоў, па некалькі паштовак, гэта ты не толькі адчуваеш падтрымку сяброў і родных. Гэта ўплывае ў тым ліку і на персанал: яны разумеюць, што чалавек не адзін, што ім цікавіцца грамадская супольнасць. І стаўленне мяняецца з жорсткага на больш мяккае.

Паштоўкі і лісты можна дасылаць на адрас: 211391, Беларусь, Віцебская вобласць, г. Ворша, вул. Энгельса, дом 25, ізалятар часовага ўтрымання, Казлову Дзмітрыю Алегавічу.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя


Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя