Кніга пра містычнае каханне, якую аўтарка баялася напісаць амаль 50 гадоў

Кніга пра містычнае каханне, якую аўтарка баялася напісаць амаль 50 гадоў


У віцебскай абласной бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі “Прывідаў пярсцёнак”.

Яе аўтарка Настасся Лазебная, старшыня віцебскага аддзялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў, прадставіла гасцям не толькі новы зборнік сваіх празаічных твораў, але і выставу графічных прац, некаторыя з якіх сталі ілюстрацыямі да кнігі.

Паводле мастацтвазнаўцы Міхася Цыбульскага, гэта вельмі арганічна, калі пісьменнік, маючы яшчэ й талент мастака, сам ілюструе свае творы:

– Тое, што вы можаце зрабіць, тое ніколі не зробіць нехта іншы. Каб не іншаму мастаку давяраць: як там гэты чужы афарміцель, нейкі дызайнер будзе гэта ўсё рабіць. Ніякае, нават самае пранікнёнае прачытанне чужым чалавекам твора нічога не вырашае. Гэта ўсё адно павярхоўна. А тут- два ў адным.

Але ці не больш за фантастычныя малюнкі-ілюстрацыі прысутных зацікавіў містычны змест твора, у якім Стася Наркевіч ( гэта творчы псеўданім Настассі Лазебнай) здолела спалучыць падзеі сучаснага жыцця і даўнейшую гісторыю, пачутую ў дзяцінстве.

Аповесць “Прывідаў пярсцёнак” месцамі нагадвае страшную казку, але амаль усё ў ёй – праўда, кажа аўтарка:

– Канешне, страшна! Гэта ж са мной усё адбывалася – і ваўкі вылі, і совы кугакалі. Там няма ніводнага эпізоду выдуманага – гэта ўсё мне маці расказала, калі мне было 10 гадоў. І я з гэтым жыла ўсё жыццё: проста не ведала, як падступіцца, а дужа хацелася напісаць… І нават цяпер, ужо колькі год прайшло, а ў мяне па скуры йдзе нейкі халадок!

Нягледзячы на тое, што прэзентавалася аповесць пра вусцішныя выпадкі, містычныя здарэнні і трагічнае каханне, сустрэча з чытачамі атрымалася вясёлай і па-сяброўску цёплай. Настасся ЛазЕбная арганізавала латарэю з прызамі, шмат жартавала і вельмі цешылася, што на вечарыне гучала беларуская мова, якую не так і часта пачуеш у Віцебску.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя