Алена Талстая: Мы мусім бараніць незалежнасць нашай краіны

Алена Талстая: Мы мусім бараніць незалежнасць нашай краіны


“Вулічныя акцыі – гэта адзіны фармат пратэсту, які застаўся беларускаму народу”, – кажа сустаршыня Руху салідарнасці “Разам” Алена Талстая.

Паводле яе, пакуль існуе магчымасць бараніць незалежнасць краіны палітычнымі метадамі – гэта абавязкова трэба рабіць, бо Аляксандр Лукашэнка зацікаўлены выключна ў сваёй уласнай выгадзе:

– Яму адзінае, што трэба, гэта ўтрымліваць сваю ўладу за кошт грошай, якія ён мае з Масквы. Але беларусы маюць вельмі вялікі патэнцыял, мы маем вельмі вялікія рэсурсы ў выглядзе нашых людзей, якіх мы зараз губляем. Мы вельмі б добра маглі адбудаваць нашу эканоміку і без нейкіх прэферэнцый, без здачы незалежнасці дзеля абмену яе на нафту ці газ з Масквы. Мы маем той рэсурс, мы маем цудоўнае геапалітычнае становішча, якое б дало нам магчымасць развівацца.

Адзначым, што надалей застаецца невядомым змест 31-ай дарожнай мапы далейшага “паглыблення інтэграцыі” Беларусі і Расеі. У той жа час Крэмль прымушае афіцыйны Менск ісці на саступкі, выкарыстоўваючы ў якасці аргументу эканамічны ціск.

З першага студзеня 2020 года Расея спыніла пастаўкі нафты ў нашу краіну, паколькі тэрмін дзеяння ранейшага кантракту скончыўся, а наконт новага – бакі пакуль не змаглі дамовіцца.

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя