Збор сродкаў для аплаты штрафаў сябраў Беларускага ПЭНа


Беларускі ПЭН-Цэнтр распачаў збор сродкаў на аплату штрафаў сябрам ПЭНа, пакараным за ўдзел у акцыях у абарону Незалежнасці.

На сёння трэба сабраць 1350 рублёў (каля 640 даляраў, каля 570 еўра). Сума штрафаў будзе павялічвацца (яшчэ павінен адбыцца суд над Лявонам Баршчэўскім).

Падтрымаць сябраў Беларускага ПЭНа можна на платформе MolaMola.

Калі ў вас няма карткі беларускага банка, вы можаце зрабіць ахвяраванне праз PayPal: niadbaj@gmail.com.
 
Суд на Уладзімірам Арловым

10 студзеня 2020 года сябра Рады Беларускага ПЭН-Цэнтра, адзін з заснавальнікаў арганізацыі, пісьменнік Уладзімір Арлоў быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці  і пакараны штрафам у памеры 20 базавых адзінак (540 рублёў).

Адміністрацыйная справа Уладзіміра Арлова разглядалася судом Ленінскага раёна г. Мінска. Суд не задаволіў хадайніцтва Уладзіміра Арлова пра прыцягненне ў якасці сведкі навукоўца і вядомага перакладчыка Лявона Баршчэўскага, які таксама браў удзел у мірным сходзе і прыцягваўся да адказнасці.

8 снежня на Кастрычніцкай плошчы г. Мінска падчас мірнага сходу грамадзянаў у абарону суверэнітэту Беларусі пісьменнік Уладзімір Арлоў зачытаў свой літаратурны твор “Незалежнасць – гэта…”. Эсэ “Незалежнасць – гэта…” – знакавы твор для беларускай літаратуры. Тэкст напісаны ў 1990 годзе, і напрыканцы існавання СССР гучаў як голас імкнення да незалежнай дзяржавы.

Уладзімір Арлоў зачытаў у судзе тэкст эсэ і таксама падкрэсліў, што, акрамя чытання літаратурнага твора, не рабіў дзеянняў, адзначаных у пратаколе як падставы прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Фактычна пісьменніка Уладзіміра Арлова прыцягнулі да адказнасці за публічнае чытанне мастацкага твора.

Чытайце таксама заяву Рады ПЭНа з нагоды пакарання Уладзіміра Арлова: Заява Рады Беларускага ПЭНа ў сувязі з пераследам пісьменніка Уладзіміра Арлова. Уладзімір Арлоў пакараны за чытанне літаратурнага твора.

Суд над Уладзімірам Някляевым

На пісьменніка і сябра Беларускага ПЭНа Уладзіміра Някляева склалі пратакол па ч. 1 артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і даслалі позву ў суд. Першае пасяджэнне па адміністрацыйнай справе прайшло 30 снежня, затым разгляд справы перанеслі на 10 студзеня. Някляеў быў апавешчаны пра новую дату і час праз позву. Разглядаць справу мусіла суддзя Марына Запаснік.  Аднак суд па невядомай прычыне не адбыўся – пасяджэння па справе Някляева не было нават у раскладзе судоў на ўвесь дзень.

Пры гэтым, 9 студзеня ў тым жа судзе Ленінскага раёна Уладзіміра Някляева асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КаАП). Пра пасяджэнне не ведаў ні сам Някляеў (ён не атрымліваў позвы на гэтую дату), ні грамадскасць. Назіральнікам \\\"Вясны\\\" ўдалося даведацца вынік суда (810 рублёў штрафу), аднак за якую менавіта акцыю суддзя Таццяна Шоцік судзіла паэта амаль у пустой залі, невядома. Верагодна, суд з 10 студзеня перанеслі на 9 і такім чынам вырашылі асудзіць Някляева \\\"па-ціхаму\\\" на дзень раней, без увагі грамадскасці і СМІ.

Суд над Лявонам Баршчэўскім

9 студзеня судзілі мовазнаўцу Лявона Баршчэўскага (як і іншых, па ч. 1 арт. 23.34 КаАП, суддзя Таццяна Акавітая). Баршчэўскі хадайнічаў аб вядзенні працэсу на беларускай мове. Хадайніцтва было задаволена. Баршчэўскі быў абураны тым, што ў пратаколе пазначана, што ў яго сярэдняя адукацыя (насамрэч Баршчэўскі – кандыдат навук). Сведкі па справе – Сянько і Мяжон. У выніку справу адправілі на дапрацоўку. Дата новага пасяджэння пакуль невядомая.

Беларускі ПЭН-Цэнтр выказвае рашучы пратэст у сувязі з парушэннем свабоды творчасці, выказвання і мірных сходаў. Беларускі ПЭН-Цэнтр працягвае сачыць за судовымі працэсамі над удзельнікамі акцый у абарону Незалежнасці і настойвае на скасаванні практыкі прысудаў, якія супярэчаць міжнародным абавязальніцтвам Беларусі ў галіне правоў чалавека.

Падтрымаць сябраў Беларускага ПЭНа можна на платформе MolaMola.

Калі ў вас няма карткі беларускага банка, вы можаце зрабіць ахвараванне праз PayPal: niadbaj@gmail.com.

Беларускі ПЭН-цэнтр

Крыніца: Беларускі ПЭН-цэнтр