- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Ёсць асаблівая асалода сутыкнуцца з чымсьці неверагодным там, дзе гэтага не чакаеш. Скажам, адхіліцца ад заезджанай турыстычнай трасы і натрапіць у вёсцы, якая не на кожнай карце пазначана, на цудоўны храм. Такі, што і вялікі горад мог бы ўпрыгожыць. Ці ўбачыць у музеі, які не згадваецца ў даведніках кшталту «Сто лепшых…», малавядомую (інакш кажучы, вядомую толькі шчыльнаму колу прафесіяналаў) карціну славутага майстра. Альбо адкрыць для сябе, што і за сталічнай акружной дарогай у наяўнасці паўнавартаснаснае культурнае жыццё — прыкладам, у рэгіянальным цэнтры ёсць моцная, у значнай ступені самадастатковая мастацкая школа. Дык вось, калі вы ахвочыя да новых уражанняў і мастацкіх адкрыццяў, раю вам, як калісь герой «Залатога цяляці» Панікоўскі, звярнуць увагу на Бабруйск. Адразу ўдакладню: хоць і Бабруйск раённы цэнтр, мінчукам не варта ставіцца да яго з гэткай сталічнай фанабэрыяй і называць правінцыяй. У Беларусі, кампактнай краіне, дзе ўсё блізка, дарогі добрыя, а інтэрнэт бадай у кожнай хаце, правінцыі як такой няма. Не лішне ведаць, што гэта сёмы па колькасці насельніцтва горад Беларусі — фактычна ў адным шэрагу з абласнымі цэнтрамі, і самы вялікі горад абласнога падпарадкавання ў краіне. Горад стаіць на судаходнай рацэ і мае архітэктурную перліну — крэпасць, якая ўражвае і ў зруйнаваным стане. Мастацкі музей для паселішча раскоша, дык вось Бабруйск можа сабе такую раскошу дазволіць.