- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Другі нумар Макулатуры гатовы, і нам стала крыху сумна, бо працаваць над ім было неверагодна цікава й захапляльна! Тэкстаў было шмат, і мы вымушаныя былі адбіраць даволі строга… Але на гэтым мы не збіраемся спыняцца, і тут, пасля прэзэнтацыі на Культурным партале КУ, мы адразу спяшаемся абвясціць цудоўную навіну – Макулатура нумар два выходзіць на паперы, выдавец Ігар Логвінаў ужо пасьпяшаецца з гэтай выдатнай справай, чакайце, хутка магчыма будзе трымаць часопіс у руках, гартаць яго й атрымліваць задавальненьне ад пісьма й ад мастацтва. Гэтым разам нашай камандзе атрымалася зьмясьціць неверагодную колькасьць тэкстаў і зрабіць рэкордную колькасьць ілюстрацый, тут пад адной вокладкай і Альгерд Бахарэвіч, і Адам Глобус, Віктар Жыбуль (пра беларускага горца-паэта Дзяніса Хвастоўскага) і Аляксей Талстоў, Уладзіслаў Ахроменка й Юдыт Хэрман (з трыма гадзінамі ў Воршы), “нуарны” Ганс-Гайнц Эвэрс і выдатны пераклад Віталя Латыша першых трох частак раману “Асіная фабрыка” шатляндскага пісьменьніка Іена Бэнкса, і шмат, шмат і шмат чаго яшчэ. Нумар у нас сапраўды атрымаўся самы “скотскі”, самы шатляндскі і самы блізкі да беларусаў…