- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Беларускі інтэлектуал любіць троіцу. Пасля дыскусіі, прысвечанай новай, «папулярнай» хвалі беларускай літаратуры і прыватнага джазу Максіма Жбанкова ў кнігарні «Логвінаў» сабраліся людзі, гатовыя паразважаць, чаму беларуская літаратурная крытыка «не працуе». Дыскусію арганізавалі Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі Калегіум. Вядоўцамі былі Ціхан Чарнякевіч і Ігар Бабкоў. Сцісла праблему акрэслілі так: «Крытыка ёсць ці крытыкі няма? Літаратура мае ў ёй патрэбу, ці крытыка мае патрэбу ў літаратуры? На першы план выходзяць стракатыя рэкламныя агляды, «дзясяткі найлепшых», рэпублікацыі пастоў у сацсетках. Крытычны тэкст дрэйфуе ці то ў літаратуразнаўчы аналіз, ці то ў публіцыстычную нататку. Якім чынам мусіць бытаваць крытыка цяпер і ці патрэбна ствараць пляцоўку для яе/іх гуртавання?»