- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У беларускай гісторыі рыцараў ставала. Гэта і легендарны полацкі князь Усяслаў Чарадзей, што з’яднаў крывіцкія землі ў магутнае Полацкае княства. Гэта і Вітаўт Вялікі, за часы якога нашая дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае — разлягалася ад Балтыйскага да Чорнага мора і была найбуйнейшай дзяржавай у Еўропе. Рыцар — гэта і вялікі гетман Канстанцін Астрожскі, які шмат разоў граміў ворагаў, баронячы родны край ад маскалёў ды татараў. Жанчына-рыцар — княгіня Анастасія Слуцкая. Пяцьсот гадоў таму яна перамагала драпежных крымчакоў. Яшчэ адна дзяўчына, якую з поўным правам можна назваць рыцарам — слынная Эмілія Плятэр. Яна змагалася ў паўстанцкіх аддзелах у 1830 годзе і сталася прыкладам самаахвярнасці і адвагі. Тадэвуш Касцюшка, Давыд Гарадзенскі, Януш Радзівіл — ды ці мала нарадзіла вояў-герояў зямля беларуская? Імя кожнага з гэтых славутых людзей залатымі літарамі ўпісана ў нашую гісторыю. Пра іх апавядаюць кнігі і вершы, паданні ды песні. Пра людзей, што сталіся сімвалам роднага краю, прыкладам таго, як трэба жыць, каб жыла Бацькаўшчына.