- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Вёска Дабрасельцы, дзе нарадзіўся беларускі палітычны дзеяч, другі прэзідэнт Беларускай Народнай Рэспублікі Васіль Захарка (1877-1943) — глыбінка Зэльвенскага раёна, Гродзенскай вобласці. Ад райцэнтра да вёскі больш за 20 кіламетраў. У канцы XIX стагоддзя вёска і маёнтак былі ўласнасцю Ігната Шырмата, які меў 799 дзесяцін зямлі. На пачатку ХХ стагоддзя ў Дабрасельцах жыло каля 400 чалавек. Але з кожным годам вяскоўцаў станавілася ўсё менш і менш: у 1971 г. іх жыло 288, у 2003 г. — 161 жыхар, а цяпер і таго менш. Паміраюць людзі, асабліва мужыкі. У Дабрасельцы, калі ехаць з Зэльвы і Міжэрычаў, можна дабрацца з двух бакоў вёскі. Бо сама вёска — гэта адна доўгая заасфальтаваная вуліца. Праўда, некалькі дамоў стаяць крыху ўбаку ад галоўнай вясковай вуліцы. Мне патрапіць у Дабрасельцы давялося з боку праваслаўнай царквы св. Антонія, пабудаванай у 1893 годзе. Але на той час у царкве нікога не было, таму прыйшлося ехаць да вясковай крамы — у другі бок вёскі, каб пагутарыць з вяскоўцамі.