- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Ужо традыцыйна Праваслаўны асяродак міласэрнасці „Элеос”, супольна з Брацтвам св. Мікалая сарганізаваў у Беластоку Куццю Божага Нараджэння для самотных у беластоцкім Цэнтры праваслаўнай культуры, а некалькі гадзін раней для бяздомных у сталоўцы па вуліцы Варшаўскай. У святочнай сустрэчы адзінокіх пажадала ўдзельнічаць каля дзевяноста асоб. Прыйшло больш. Архіепіскап Беластоцка-Гданьскай епархіі Іакаў, вітаючыся з прыбылымі заўважыў: — Бачу, што вас больш, чым у папярэднія гады. Гэта значыць, што і адзінокіх у Беластоку болей. Марк Масальскі, шматгадовы кіраўнік асяродка „Элеос”, а заадно падляшскі радны да апошняй хвіліны да пачатку каляднай вячэры дбаў, каб усё ішло ўрачыста і ў прыўзнятым настроі — якраз святочна: — Наш асяродак разам з Брацтвам св. Мікалая шмат гадоў арганізуе Куццю для ўбогіх і адзінокіх асоб. Цешуся, што так шмат асоб прыходзіць да нас і супольна можам падзяліцца прасфорай. Вельмі стараемся, каб кожны, хто самотны ці жыве ў нястачы, не быў адзін у той час. Гэтыя людзі адчуваюць тут сябе як у сябе. Шмат з іх ужо знаёмыя, і часта гэта такія калядныя знаёмствы.