- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Разам з адыходам Народнай Польшчы змяніліся ўмовы жыцця нацыянальных меншасцей, у тым ліку і беларусаў. Большасць „нашых” сумавала па адкінутай палякамі „народнай уладзе” і трывожна чакала паслядоўнасцей палітычных пераўтварэнняў пры канцы 1980-х гадоў. Масава падтрымлівала партыі, якія асацыяваліся з традыцыяй і спадчынай ПНР. Знакамітая меншасць беларусаў Беласточчыны, асабліва маладая інтэлігенцыя, падтрымлівала наступаючыя змены і атаясамлівалася з лозунгамі пра дэмакратызацыю, за якімі ішло спадзяванне на адраджэнне нацыянальнай мовы і культуры ў публічнай прасторы, пашану нацыянальнай годнасці, нармальнае жыццё без тайнай паліцыі і цэнзуры. Маладыя і наіўныя людзі паверылі нават, што ў дэмакратычнай краіне магчымым будзе стварэнне такога ладу жыцця беларусам, які стане ўзорным для суседняй Беларусі. Будучыня ўсходняй Беласточчыны бачылася з дэмакратычным самаўрадавым кіраваннем, інвестыцыямі ў перапрацоўку мясцовай сыравіны, турызм і інфраструктуру, з беларускімі школамі і культурнымі ўстановамі. (Яўген Мірановіч, Пра сны беларускай інтэлігенцыі і люд, які не даверае нікому, фрагмэнт)