- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Зміцер Дашкевіч... Хто не чуў пра гэтага мужнага чалавека! Яму ўсяго 31 год. Тры з іх ён правёў за кратамі, у тым ліку больш за паўгода — у карцары. Недзе з паўгода, калі не больш, — на так званых сутках. Нязломны лідар зарэгістраванага ў Празе (Чэхія) міжнароднага маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Малады фронт” нядаўна атрымаў трэці тэрмін — за злоснае парушэнне рэжыму зняволення. Як сведчыць вядомы беларускі дысідэнт, былы савецкі палітзняволены мардоўскіх лагераў Сяргей Ханжанкоў, нават у паслясталінскім СССР вязняў не судзілі за парушэнне рэжыму, а пераводзілі ў ізалятар на 15 сутак, у памяшканне камернага тыпу — да шасці месяцаў, у турму — да трох гадоў ці да заканчэння тэрміну пакарання. Хоць на календары XXI стагоддзе, сённяшняя Беларусь усё больш нагадвае Савецкі Саюз сталінскіх часоў: права беларусаў “людзьмі звацца” мужна адстойвае за кратамі прадстаўнік старадаўняга беларускага шляхецкага роду Зміцер Дашкевіч. Ён сімвалізуе моладзь, якая ахвяруе сабою дзеля Беларусі і з’яўляецца носьбітам волі, веры і сілы. Менавіта гэтыя якасці нараджаюць маладафронтаўскія каштоўнасці свабоды, справядлівасці і салідарнасці.