- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Дарагія суродзічы! Бог нам даў цудоўны край, які нарадзіў безліч вялікіх мастакоў, музыкаў, паэтаў, добрых людзей. Бог нам даў адну з найпрыгажэйшых моваў у свеце. Наш народ працавіты, таленавіты, жыццяздольны. Сёння мы маглі б жыць заможна і шчасліва ў цэнтры Еўропы. Цяжка зразумець, чаму мы сталіся апошняй дыктатурай Еўропы, і як мы пагадзіліся з гэтым... У гісторыі, аднак, не адных нас напаткаў такі лёс. З жахам чытаю пра досвед іншых народаў, былых ахвяраў імперыялізму XIX і XX стагоддзяў. І як ні дзіўна, яны таксама перажылі доўгія перыяды дэнацыяналізацыі. І яны хацелі зраўняцца з каланізатарамі, адмаўляючыся ад сваіх каранёў, ад сваёй мовы, ад сувязяў са сваімі змагарамі за волю. Заміж каб любіць і паважаць іх, яны бачылі ў іх абліччы толькі сваю ўласную бяду. Дарагія суродзічы! Дзялюся з Вамі гэтымі думкамі напярэдадні Новага году з надзеяй, што задумаемся разам над тым, да чаго нас давяла доўгая няволя. Магчыма, каб цаніць, любіць і паважаць адзін аднаго, нам трэба прыпомніць, што мы ўсе сыны і дочкі тае самае беларускае зямлі. Мо хапіла б гэтага, каб адчуць у нашых сэрцах салідарнасць між намі і моц гэтае салідарнасці.