- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Мы, ветэраны беларускай журналістыкі, шмат гадоў прысвяціўшыя абранай прафесіі, у свой час спазналі на сабе ціск савецкай сістэмы. Аднак тое, што робіцца зараз, не ідзе ні ў якое параўнанне нават з тым, далёка не ідэальным часам. Што значыць закрыць рот, накінуць аброць на чалавека з пяром, святы абавязак якога — сумленна і чэсна асвятляць жыццё, аб'ектыўна інфармаваць чытача аб падзеях і працэсах, што хвалююць і закранаюць інтарэсы грамадства і грамадзян? На жаль, з боку спецслужб, таго ж Міністэрства інфармацыі з кожным днём узмацняецца наступ на нешматлікія незалежныя выданні краіны. Канфіскуюцца камп'ютары, ідуць ператрусы, рэдакцыі засыпаюцца штрафамі, позвамі ў суд, неабгрунтаванымі, на наш погляд, папярэджаннямі. Вось і нядаўна Міністэрства інфармацыі падало ў Вышэйшы Гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь іск аб спыненні выпуску газеты "Народная Воля" — пасля некалькіх афіцыйных папярэджанняў з прычын, якія ну ніяк не цягнуць на сур'ёзныя абвінавачанні. Гэта прамое парушэнне гарантаваных Канстытуцыяй правоў грамадзян на свабоду слова, атрыманне разнастайнай інфармацыі, гэта сапраўдны ідэалагічны гвалт, што ўчыняецца ў самым цэнтры Еўропы ў ХХI стагоддзі. Скажыце, калі ласка, навошта прыбягаць да карных мер, калі заканадаўства прадугледжвае шэраг іншых? Інакш атрымліваецца сярэднявечная інквізіцыя.